Дні Віцебскай вобласці пройдуць восенню ў Італіі

19 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дні Віцебскай вобласці ў Італіі плануецца правесці ў чацвёртым квартале 2010 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар Віцебскага аддзялення БелГПП Валерый Буткевіч. Галоўнай тэмай мерапрыемства, якое пройдзе ў адным з італьянскіх рэгіёнаў, стане прэзентацыя эканамічных магчымасцей Віцебска і Віцебскай вобласці, а таксама інвестыцыйных праектаў, якія прапануюцца для рэалізацыі з удзелам італьянскага капіталу. Мяркуецца таксама правесці бізнес-форум для віцебскіх і італьянскіх прадпрыемстваў, зацікаўленых у супрацоўніцтве, арганізаваць сустрэчы кіраўнікоў Віцебскай вобласці і італьянскіх рэгіёнаў. Цяпер удакладняецца месца правядзення мерапрыемства, дэталізуецца праграма Дзён Віцебскай вобласці і фарміруецца склад дэлегацыі. Арганізатарамі Дзён Віцебскай вобласці ў Італіі выступаюць аблвыканкам, Віцебскае аддзяленне БелГПП і Асацыяцыя гандлёва-прамысловых палат Цэнтральнай Еўропы (ACCOA).