Добраахвотная пажарная дружына "Віцебскэнерга" другі год запар перамагае ў рэспубліканскім турніры

20 жніўня, Гомель /Наталля Цітушкіна - БЕЛТА/. Доб-раахвотная пажарная дружына рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскэнерга" другі год запар стала ўладальніцай Кубка рэспубліканскага турніру сярод добраахвотных пажарных каманд і дружын па пажарна-выратавальным спорце. Вынікі спаборніцтва, што прайшло сёння ў Гомелі, карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрыелеў. Другое і трэцяе прызавыя месцы ў агульнакамандным заліку заваявалі добраахвотныя пажарныя дружыны мінскай ЦЭЦ-4 горада (2-е месца) і Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Каманды-пераможцы адзначаны таксама ў асобных практыкаваннях. Так, напрыклад, стометровую паласу з перашкодамі хутчэй за іншых пераадолелі дружыннікі ЦЭЦ-4. Адзін з удзельнікаў гэтай каманды – Антон Тарасевіч па рашэнні журы быў вызначаны пераможцам у асабістым заліку. Ён пераадолеў 100-метроўку за 17,85 сек. Другое практыкаванне турніру - пажарную эстафету 4х100 м - найбольш зладжана "ўзяла" каманда Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў. У баявым разгортванні ззаду сябе іншых пакінулі ўдзельнікі пажарнай каманды Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. За званне наймацнейшых у 10-м рэспубліканскім турніры змагаліся лепшыя добраахвотныя пажарныя каманды і дружыны абласных цэнтраў і горада Мінска, а таксама каманда, якая прадстаўляла Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі. Каманды-прызёры, а таксама ўдзельнікі, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы ў асабістым першынстве ў рэспубліканскім заліку, атрымалі ўзнагароду дыпломы адпаведных ступеняў, медалі і каштоўныя прызы (мікрахвалевая печ і DVD-прайгравальнікі айчыннай вытворчасці). Мерапрыемства праводзілася з мэтай удасканалення прафесійнага і спартыўнага майстэрства работнікаў арганізацый, якія ўваходзяць у пазаштатныя пажарныя фарміраванні. Як адзначыў Руслан Габрыелеў, турнір вызначыў найбольш падрыхтаваную з іх. Перамога добраахвотнай пажарнай дружыны РУП "Віцебскэнерга" абумоўлена не толькі пастаяннымі трэніроўкамі членаў каманды, але і ўвагай з боку кіраўніцтва прадпрыемства да праблемы баявой гатоўнасці ў выпадку надзвычайных сітуацый. На віцебскім прадпрыемстве сістэмы Мінэнерга некалькі гадоў таму паспяхова адрадзілі ўнутрыведамасныя спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце. За апошнія гады сфарміраваўся і шкілет каманды, куды ўваходзяць работнікі структурных падраздзяленняў з Навалукомля, Віцебска, Глыбокага. -0-