«Фестываль двух рэк» у Докшыцах заваяваў сэрцы гараджан тэматычнымі выступленнямі, 10-метровым ручніком сяброўства і гуляннямі ля ракі

Докшицкий «Фестиваль двух рек» покорил сердца горожан тематическими представлениями, 10-метровым рушником дружбы и гуляниями у реки
У чацвёртым рэспубліканскім «Фестывалі двух рэк» узялі ўдзел мастацкія калектывы рэгіёнаў Беларусі, па тэрыторыі якіх працякаюць маляўнічыя рэкі Бярэзіна і Вілія, што бяруць пачатак у докшыцкім краі. На свяце прысутнічалі дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў Балві (Латвія), Дзмітраў (Расія).
 

Па словах старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Церанцьева, «Фестываль двух рэк» – самы малады ў нашай краіне, і ў яго цудоўныя перспектывы. Ён дае магчымасць не толькі прадэманстраваць сваё майстэрства на сцэне, але і ўмацаваць сацыяльна-культурныя сувязі рэгіёнаў.

Сёлета ў падарунак гораду госці прывезлі на памяць пра сваю малую радзіму – вышываныя рушнікі. Іх звязалі разам і вынеслі на святочную сцэну. Агулам даўжыня рушніка дружбы і творчасці перавысіла 10 метраў.

Арганізатары дзеі запэўніваюць, што гэта яшчэ не мяжа. На наступны год палатно можа стаць ледзь не ўдвая даўжэйшым, бо ахвотных выступіць у Докшыцах год ад году становіцца ўсё больш.

Свята горада 

Па традыцыі напярэдадні фестывалю мясцовыя жыхары віншуюць родны горад з днём нараджэння. Сёлета Докшыцам споўнілася 612 гадоў. Да ўрачыстасці было падрыхтавана шмат падарункаў.

 

 

  

 

 

 

 

 

 

І першы з іх – літаратурна-музычная прэзентацыя кнігі вядомага пісьменніка і драматурга Фёдара Полачаніна «Докшыцкія вытокі», прысвечанай гісторыі малой радзімы.

Іншы прыемны сюрпрыз – прадстаўленая ў цэнтры горада выстава «Докшыцкі раён у мініяцюрах». На адной пляцоўцы арганізатары размясцілі макеты велічных храмаў, помнікаў часоў Вялікай Айчыннай вайны і іншых знакавых збудаванняў.

А спецыяльна для выставы тэматычных пляцовак «Вобразы мілага роднага краю» работнікі хлебазавода спяклі духмяны хлеб на кляновых лістах. Гэтаму ўнікальнаму рэцэпту больш за 200 гадоў. Для поўнаты карціны змайстравалі ў парку цудоўную печ, абсталявалі тэматычны куток, прысвечаны тэхналогіі прыгатавання хлеба.

На падворку ААТ «Завод «Ветразь» да свята «зацвілі» тры метровыя дзьмухаўцы, вырабленыя з рознай велічыні цвікоў, з іх жа на дошчачцы напісалі і назву прадпрыемства.

Для гістарычнага антуражу гаспадары падворкаў таксама выкарыстоўвалі старадаўнія гадзіннікі, патэфон, тканыя пакрывалы, вырабы, вышытыя крыжыкам. Гасцей шчодра частавалі стравамі нацыянальнай кухні. Прыцягвала ўвагу мінакоў алея майстроў.

Яшчэ адным каштоўным падарункам, зробленым па ініцыятыве сельскіх Саветаў дэпутатаў, стала незвычайная карта раёна. На ёй выяўлены асноўныя славутасці сельсаветаў. Дарэчы, на карце пазначана вёска Бярозкі, недалёка ад якой нарадзіўся вядомы кампазітар Нестар Сакалоўскі, які напісаў музыку для беларускага гімна.

Старшыня райвыканкама Алег Пінчук падзякаваў працоўныя калектывы, у тым ліку ААТ «Завод «Ветразь», РУП ЖКГ «Докшыцы-камунальнік», за паспяховае выкананне пастаўленых задач, значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.

На святочнай праграме «Малая радзіма – вялікая любоў» докшычане ўшанавалі самых юных жыхароў райцэнтра і старажылаў, юбіляраў, узнагародзілі пераможцаў конкурсу па добраўпарадкаванні гарадскіх вуліц, паркаў, сквераў. Праграму працягнулі святочны феерверк і моладзевы праект «Танцуючы горад».

Песні і танцы ля ракі

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзя Ягорава, «Фестываль дзвюх рэк» – асаблівы, у ім усё прасякнута атмасферай душэўнасці, спакою. Гэта па-сапраўднаму свята дружбы, творчасці і натхнення.

Паводле ўсталяванай традыцыі фестываль адкрыла маляўнічае тэатралізаванае шэсце, якое ўзначалілі дзяўчаты ў вобразе дзвюх рэк. Іх шматметровыя мантыі неслі 12 дзяцей, якія сімвалізавалі кропелькі вады. Услед за легкавым аўтамабілем у вобразе белакрылага лебедзя па галоўнай вуліцы прайшлі ўдзельнікі ўрачыстасці, творчыя калектывы раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў, устаноў горада.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

На беразе Бярэзіны гасцей сустракала прыгажуня лебядушка. Беласнежная птушка ўпрыгожвае лагатып свята, без яе немагчыма ўявіць маляўнічае урачыстасць. Сёлета ў вобразе белакрылага лебедзя выступіла педагог Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя М. Сакалоўскага Вераніка Крывічаніна.

Удзельнікі святочнага шэсця спыніліся ля ажурнай аркі любові і вернасці, выкананай у выглядзе двух лебедзяў. Павіншаваць маладых прыйшлі Іван і Валянціна Камінскія, якія адзначаюць сёлета залатое вяселле.

На сцэне летняга амфітэатра ў рамках канцэртнай праграмы «Суквецце дружбы» гучалі народныя і эстрадныя матывы. Сярод гасцей былі танцавальны калектыў «П'есіціенс» Балўскага муніцыпалітэта Латвійскай Рэспублікі, народная студыя дэкаратыўна-прыкладного мастацтва «Чараўніцы» Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і адпачынку.

У гэты час на беразе ракі ўдзельнікі міжнароднага пленэру малявалі докшыцкія краявіды, у парку праходзіў агляд-конкурс «Кірмаш сямейных талентаў», працавалі тэматычныя пляцоўкі і гандлёвыя рады.

Фестывальную праграму працягнулі конкурс вакалістаў «Бярэзінскія напевы», канцэрт гурта «Дразды», дыскатэка пад адкрытым небам.

"Віцебскія весці".