Докшыцы адсвяткавалі 610-годдзе «Фестывалём двух рэк»
– Фестываль унікальны, – сказаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў. – На тэрыторыі раёна бяруць пачатак дзве ракі — Бярэзіна і Вілія: адна накіроўваецца ў Балтыйскае мора, другая – у Чорнае. Ідэя аб’яднаць рэгіёны, размешчаныя ўздоўж іх берагоў, заслугоўвае адобрэння. Атрымалася прыгожае свята дружбы і творчасці, якое мае ўсе перадумовы стаць у хуткім часе міжнародным.
– За апошнія гады горад і раён значна пераўтварыліся, — адзначыў старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук. З’явіліся новыя прадпрыемствы, дзякуючы мадэрнізацыі больш эфектыўна сталі працаваць раней створаныя. Нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі, якая адпраўляецца на экспарт, філіял «Віцебскае вытворчае ўпраўленне па здабычы і перапрацоўцы торфу» УП «Віцебскаблгаз», ЛЛСУ «Бегамльскі лясгас», паспяхова функцыянуе ААТ «Завод «Ветразь», карыстаюцца высокім попытам, у тым ліку ў сталіцы, хлебабулачныя, кандытарскія вырабы Докшыцкага хлебазавода ААТ «Віцебскхлебпрам».
Вучаніцы Параф’янаўскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна і іх калекцыя фларыстычных касцюмаў «Мелодыя прыроды»
Дзякуючы падтрымцы старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзіміра Андрэйчанкі, старшыні аблвыканкама Мікалая Шэрстнёва раён цалкам газіфікаваны. Праведзены капітальны рамонт СШ №1, некалькіх аддзяленняў ЦРБ, будуецца стаматалагічная паліклініка.
У якасці ганаровых гасцей на мерапрыемства былі запрошаны выдатныя землякі, у тым ліку контр-адмірал, герой Расіі Уладзімір Дронаў, генерал-маёр Мікалай Мінаеў, кампазітар Мар’ян Зелянкевіч, таленавітыя мастачкі Валянціна, Ганна і Галіна Маркавец і іншыя.
На святкаванне 610-годдзя ў Докшыцы з латвійскага горада Балві прыехаў не толькі танцавальны калектыў, але і спартсмены. Міжнародны таварыскі матч па футболе парадаваў гледачоў — 4:1 на карысць гаспадароў поля.
Сёлета на свяце горада прайшоў першы фестывальны аўтарэстайлінг. Па цэнтральнай вуліцы праехалі маляўніча аформленыя аўтамабілі прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Па звязках баранак на самаходнай печы, прыгажуні-буранцы, школьнай парце з букварём адразу можна было вызначыць, якому працоўнаму калектыву належыць тая ці іншая машына.
На ладдзі па рачной гладзі прычаліла да берага вядучая святочнага канцэрта Марына Чабан у вобразе беласнежнага лебедзя
У Дзень горада ў цэнтральным парку размясціліся рамеснікі, праводзілася выстава-дэгустацыя кулінарных вырабаў і агляд сельскіх падворкаў. Усіх жадаючых частавалі духмянымі стравамі, прыгатаванымі па старадаўніх рэцэптах.
У падарунак гораду жыхары раёна зрабілі шматметровы «Квітнеючы дыван». Кожная яго частка распавядае пра прыродную веліч, славутасці раёна. Напрыклад, шматвяковы дуб даўно стаў сімвалам Сітцаўскага сельсавета.
Дзякуючы акцыі «Падарунак любімаму гораду» напярэдадні свята ў Докшыцах з'явілася шмат цікавых малых архітэктурных форм, невялікіх скульптур, а на набярэжнай возера – кветкавыя кампазіцыі. Падчас юбілейных урачыстасцей адбылося ўзнагароджанне прызёраў конкурсу па добраўпарадкаванні дваравых тэрыторый шматкватэрных дамоў. Першае месца занялі жыхары дома №11 па вуліцы Школьнай.
Упрыгожаннем фестывалю стала маляўнічае тэатралізаванае шэсце «Дзве ракі збіраюць сяброў». Юныя прыгажуні дапамагалі Вользе Жаўткевіч і Віялеце Мацюшонак несці шматметровыя шлейфы іх блакітных касцюмаў, якія сімвалізуюць дзве ракі. Плаўна пахістваўся на стылізаванай машыне лебедзь, за ім ішлі творчыя калектывы, якія прымалі ўдзел у свяце, маладыя бацькі з малымі ў яркіх калясках, госці горада, у тым ліку дэлегацыя з расійскага горада Дзмітрыеў.
Фестываль, лагатыпам якога з'яўляецца лебедзь з распраўленымі крыламі, праходзіў ля вытока ракі Бярэзіна, куды прылятаюць грацыёзныя птушкі. Тут жа адбылося і адкрыццё дэкаратыўнай аркі «Лебедзіная вернасць», прыступкі ад якой вядуць прама да ракі, сюды на вялікай ладдзі па рачной роўнядзі прыплыла адна з вядучых святочнага канцэрта Марына Чабан у вобразе беласнежнага лебедзя.
На сцэне выступалі мастацкія калектывы трох краін, у тым ліку вакальная група народнага жаночага хору «Бярэзіначка» Лепельскага раёна, народны ансамбль народнай песні «Добры настрой» Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, вакальны ансамбль «Імпульс» з Дзмітрыева і іншыя.
Тэрытарыяльныя цэнтры Віцебскай вобласці ў парку каля летняга амфітэатра прадставілі выставу творчых работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Непадалёк праходзіў агляд-конкурс сямейнай творчасці, перамога ў якім дасталася сям'і Навойчык.
На конкурс вакалістаў «Бярэзінскія напевы» сёлета прыехалі таленавітыя выканаўцы з многіх раёнаў Віцебшчыны. Вячэрнюю праграму завяршылі канцэрты заслужанага аматарскага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Неруш», арт-групы «PROвокация», файер-шоу і дыскатэка пад адкрытым небам.
Дзіяна БЕРНІКОВІЧ, фота аўтара. "Віцебскія весці".