Дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты ў Віцебскай вобласці падалі 34 партыйных вылучэнца

14 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання ад 14 выбарчых акруг, размешчаных у Віцебскай вобласці, выказаў жаданне стаць 61 грамадзянін, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Леанід Дарафеенка. Згодна з каляндарным планам падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, тэрмін вылучэння кандыдатаў на месца ў ніжняй палаце парламента скончыўся 13 жніўня. Прапаноўваць сваіх суіскальнікаў на дэпутацкі мандат маглі палітычныя партыі, працоўныя калектывы, выбаршчыкі шляхам збору подпісаў. У акруговыя выбарчыя камісіі падалі дакументы 34 вылучэнцы ад партый. Ліберальна-дэмакратычная партыя вылучыла 14 членаў, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" хацела б бачыць кандыдатамі ў дэпутаты пяцёра сваіх прадстаўнікоў, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, Рэспубліканская партыя працы і сацыяльнай справядлівасці вылучылі па чатыры кандыдатуры, КПБ - дзве, Партыя "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" - адну. Шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў вырашылі прэтэндаваць у кандыдаты 13 грамадзян, яшчэ 14 вылучаны як выбаршчыкамі шляхам збору подпісаў, так і працоўнымі калектывамі адначасова. Сярод прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты ад акруг Віцебскай вобласці значацца старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі чацвёртага склікання Уладзімір Андрэйчанка, бронзавы прызёр Алімпіяды ў Пекіне Вадзім Дзевятоўскі, палітычны аглядальнік канала АНТ Аляксей Міхальчанка. Акруговыя выбарчыя камісіі сёння прыступяць да рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Працэдура працягнецца па 23 жніўня ўключна. Перадвыбарная агітацыя ў Беларусі стартуе з дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і працягнецца да 22 верасня ўключна. Асноўны дзень галасавання прызначаны на 23 верасня.-0-