Дакументы па гісторыі партызанскага руху ў Віцебскай вобласці рыхтуюць да публікацыі архівісты
25 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскія архівісты прыступілі да распрацоўкі дакументальнай публікацыі пад рабочай назвай "Віцебшчына партызанская", якая будзе прысвечана гісторыі партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці.
Дакументальнае выданне стане другой часткай праекта з серыі зборнікаў дакументаў пад агульнай назвай "Памяць Віцебшчыны", які рэалізуецца сумесна з Нацыянальным архівам Беларусі. Цяпер архівісты завяршаюць выпрацоўку канцэпцыі другога выдання і ажыццяўляюць падбор матэрыялаў для публікацыі.
Першае выданне "Віцебшчына вызваленая. 1943-1945" прысвечана гісторыі аднаўлення мірнага жыцця ў вобласці і змяшчае дакументы, якія адлюстроўваюць падзеі на тэрыторыі вобласці пасля яе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у кастрычніку 1943-снежні 1945 гадоў. Зборнік дакументаў, праца над якім ужо завершана, падрыхтаваны да 65-годдзя вызвалення Віцебскай вобласці. Усяго ў выданне ўвайшло 134 дакументы, у тым ліку матэрыялы з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі. Большасць дакументаў малавядомыя і будуць апублікаваны ўпершыню. Зборнік будзе ілюстраваны фотаздымкамі з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і музейных устаноў вобласці. Яго прэзентацыю плануецца правесці падчас урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце.
Захаванне і папулярызацыя дакументальнай спадчыны, якая адлюстроўвае гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, першых пасляваенных гадоў, набывае сёння асаблівую актуальнасць у сувязі з тым, што, на жаль, усё менш застаецца жывых удзельнікаў тых падзей, адзначылі спецыялісты. -0-