Доля новай тэхнікі ў агульным аб'ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў Віцебскай вобласці ў студзені-верасні склала 25%
5 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Доля новай тэхнікі ў агульным аб'ёме вытворчасці прамысловых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці ў студзені-верасня склала 25%. Пра гэта паведаміў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, наведваючы выставу новай прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, арганізаваную на базе ААТ "Віцязь".
"Гэта нядрэнная лічба. Аднак у нас ёсць яшчэ велізарныя рэзервы для паляпшэння работы, і іх неабходна задзейнічаць", - упэўнены кіраўнік вобласці. У прыватнасці, прадпрыемствам неабходна больш актыўна наладжваць партнёрскія адносіны адно з адным, больш мабільна і гнутка рэагаваць на патрэбы рынку, бесперапынна вывучаць пакупніцкі попыт.
Суёзныя задачы стаяць перад прамысловымі прадпрыемствамі рэгіёну на 2011-2015 гады. За гэты час яны павінны ўдвая павялічыць аб'ём выпуску прадукцыі, надаўшы асаблівую ўвагу распрацоўцы новых відаў, зніжэнню энерга- і матэрыялаёмістасці. У сувязі з гэтым асабліва інтэнсіўна давядзецца папрацаваць канструктарскім бюро. "Перашкодай на шляху да гэтай мэты можа стаць высокі знос асноўных фондаў прадпрыемстваў, які складае да 90%. Таму правесці пераўзбраенне неабходна ў найкароткія тэрміны: за 2011-2012 гады гэты паказчык варта знізіць да 50%", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Аляксандр Косінец таксама звярнуў увагу на неабходнасць распрацоўкі абласной праграмы "Электрабытавая тэхніка". "Большасць відаў гэтай прадукцыі канкурэнтаздольнага ўзроўню мы можам выпускаць самі, знізіўшы такім чынам яе імпарт", - лічыць ён.
Падчас мерапрыемства адбылася цырымонія ўзнагароджання лепшых канструктараў прадпрыемстваў вобласці. За дасягненні ў рабоце адзначаны спецыялісты заводаў "Вістан", "Вымяральнік", Віцебскага завода трактарных запчастак і Завода прыбораў аўтаматычнага кантролю (Орша).-0-