Доля злачынстваў з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій у бліжэйшыя 5-10 гадоў узрасце ў Беларусі да 70% - эксперт
24 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У найбліжэйшыя 5-10 гадоў структура злачыннасці ў Беларусі зменіцца, і каля 70% злачынстваў будзе звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Такі прагноз зрабіў начальнік упраўлення падрыхтоўкі кадраў Галоўнага ўпраўлення кадраў МУС Беларусі кандыдат юрыдычных навук Уладзімір Бачыла сёння на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Праблемы фарміравання прававой культуры моладзі на сучасным этапе" у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прагноз заснаваны на аналізе стану і тэндэнцый злачыннасці ў Беларусі, агульных працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве, таму неабходна быць гатовымі да зменлівых умоў, адзначыў эксперт. З улікам гэтых тэндэнцый можна прагназаваць і злачыннасць сярод непаўналетніх, у якой таксама будуць пераважаць крымінальна каральныя дзеянні, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Пры гэтым зменіцца і працэс раскрыцця такіх злачынстваў. "Ужо сёння выкарыстанне сотавага тэлефона і адпаведнага праграмнага забеспячэння дазваляе ажыццяўляць агляд месца здарэння на якасна іншым узроўні", - сказаў Уладзімір Бачыла.
Характарызуючы бягучы стан злачыннасці сярод непаўналетніх, прадстаўнік МУС адзначыў, што за апошнія пяць гадоў склалася тэндэнцыя змяншэння ўдзельнай вагі злачынстваў, учыненых падлеткамі, у агульнай структуры злачыннасці. У мінулым годзе ў параўнанні з 2007-м гэты паказчык знізіўся на 0,4 працэнтнага пункта і склаў 6,8%, на 8,8% скарацілася і колькасць удзельнікаў злачынстваў ва ўзросце да 18 гадоў. Сярод непаўналетніх, якія здзейснілі крымінальна каральнае дзеянне, 25% знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янэння, у складзе групы здзейснілі злачынства 53% падлеткаў. Каля 70% непаўналетніх злачынцаў з'яўляюцца навучэнцамі школ, ліцэяў, ПТВ, яшчэ каля 25% на момант здзяйснення злачынства нідзе не вучыліся і не працавалі. Пераважнымі відамі злачынстваў сярод непаўналетніх з'яўляюцца крадзяжы, хуліганствы, рабаванні, угоны транспартных сродкаў, махлярствы, крадзяжы шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі, а таксама незаконны абарот наркотыкаў.-0-