Долю лесаперапрацоўкі ў ВУП Віцебскай вобласці неабходна павялічыць у 10 разоў - А.Косінец
14 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Доля ляснога і дрэваапрацоўчага комплексу ў валавым унутраным прадукце вобласці на працягу двух гадоў павінна быць павялічана ў 10 разоў. Такія патрабаванні сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама выставіў яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У 2008 годзе лесхозы вобласці ад рэалізацыі дзелавой драўніны атрымалі даход у памеры Br108,6 млрд., што складае 0,36% у валавым унутраным прадукце вобласці. Дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы ад рэалізацыі перапрацаванай драўніны атрымалі Br192 млрд., або 0,6% ВУП вобласці. Пры гэтым рэгіён валодае велізарным патэнцыялам для развіцця лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі. Штогод плошчы пакрытых лесам зямель павялічваюцца ў сярэднім на 4,5 тыс.га, карнявы запас - на 4,5 млн.куб.м, запас спелых насаджэнняў - на 3,3%. Аб'ём нарыхтоўкі дзелавой і дроўнай драўніны складае 2,8 млн. куб.м у год. У 2008 годзе недаасваенне разліковай лесасекі склала 630,8 тыс.куб.м.
Лесхозы і дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы недастаткова выкарыстоўваюць магчымасці па павелічэнні выпуску спажывецкіх тавараў, атрыманні даходнасці ад выкарыстання інфраструктуры паляўнічай гаспадаркі, лічыць старшыня аблвыканкама. "Вобласць пастаўляе сыравіну, не вырабляе канчатковы якасны прадукт і тым самым губляе дабаўленую вартасць", - канстатаваў Аляксандр Косінец. У рэгіёне неабходна развіваць мэблевую вытворчасць, наладзіць вытворчасць драўляных зрубаў, пелет з адходаў драўніны, якія запатрабаваны за мяжой, асвоіць выпуск замарожаных ягад і грыбоў.
Старшыня аблвыканкама даручыў дапрацаваць рэгіянальную праграму "Лес" і паставіць перад лесхозамі і прадпрыемствамі канкрэтныя задачы па асваенні новых відаў прадукцыі з драўніны.-0-