Долю МВТ у паліўным балансе Віцебскай вобласці ў 2009 годзе плануецца павялічыць да 53%

21 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Долю мясцовых відаў паліва ў паліўна-энергетычным балансе Віцебскай вобласці ў 2009 годзе плануецца давесці да 53%, паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама начальнік абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шарэц, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па выніках студзеня-сакавіка ўдзельная вага МВП склала 39,7%. У мэтах павелічэння гэтага паказчыка праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па пераводзе кацельняў на мясцовыя віды паліва, аптымізацыі схем цеплазабеспячэння, прымаюцца іншыя меры, распавёў начальнік упраўлення. Закранаючы вынікі работы мінулага ацяпляльнага сезона, Андрэй Шарэц адзначыў, што ён прайшоў без істотных збояў у забеспячэнні цеплазабеспячэннем і вадой. Пры гэтым праведзеныя ў падрыхтоўчы перыяд арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы дазволілі своечасова выканаць работы па рамонце і замене газавых, цеплавых і электрычных сетак, асноўнага і дапаможнага абсталявання электрастанцый і кацельняў, мадэрнізацыі цеплакрыніц у арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія маюць павышаны расход паліва і электрычнай энергіі. У прыватнасці, выкананы планавыя заданні па рамонце 392 цеплакрыніц, замене 92 км цеплавых сетак у аднатрубным вылічэнні і 5 нееканомных катлоў, па стварэнні запасаў мазуту, дроў, шчэпак і торфабрыкету. Адрэмантавана 294 тыс. кв.м даху. Для нарошчвання долі мясцовых відаў паліва было ўстаноўлена 55 катлоў, якія працуюць на МВП, у тым ліку 20 катлоў з механізаванай загрузкай паліва. Акрамя таго, 32 кацельні пераведзены на іншыя віды асноўнага і рэзервовага паліва. За кошт усіх выкананых мерапрыемстваў выкарыстанне МВП і другасных энергетычных рэсурсаў узрасло на 93,2 тыс. т у.т. У цяперашні час арганізацыі ЖКГ вобласці пачалі актыўную падрыхтоўку да новага ацяпляльнага сезона. Завяршыць работы плануецца да 1 верасня.-0-