Пасадовая асоба аднаго з аршанскіх ААТ падазраецца ў буйных прыпісках аб'ёмаў вытворчасці

Службовая асоба аднаго з аршанскіх прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці падазраваецца ў буйных прыпісках аб'ёмаў вытворчасці, паведамілі БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама.

Супрацоўнікамі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі УУС Віцебскага аблвыканкама і АБЭЗ Аршанскага ГАУС устаноўлена службовая асоба адкрытага акцыянернага таварыства, якая з мая па снежань 2010 года з мэтай выканання паказчыкаў па тэмпах росту аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі і каб пазбегнуць дысцыплінарнай адказнасці арганізавала фармальную ўзаемную пастаўку прадукцыі з іншымі прадпрыемствамі вобласці без яе фактычнага прымання. У выніку гэтых дзеянняў былі прыпісаны аб'ёмы вытворчасці прадпрыемства на Br20,2 млрд., што склала 19,8% ад аб'ёму ўсёй прадукцыі, вырабленай ААТ за 2010 год. Пры гэтым былі дапушчаны неабгрунтаваныя транспартныя затраты па дастаўцы і адгрузцы прадукцыі на суму звыш Br234 млн.

Яшчэ адным матывам дзеянняў службовай асобы з'яўляліся карыслівыя памкненні: яе "ударная" праца была наўпрост звязана з атрыманнем выплат стымулюючага характару за выкананне паказчыкаў, а таксама павелічэннем службовага акладу. Неабгрунтавана праведзеныя грашовыя выплаты стымулюючага характару і павелічэнне заработнай платы за фіктыўна выкананую працу склалі каля Br279 млн. Матэрыяльная шкода, прычыненая прадпрыемству, ацэньваецца ў суму звыш Br500 млн.

У дачыненні да службовай асобы ўзбуджана крымінальная справа па ч.3 арт.424 КК Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), якая ў цяперашні час расследуецца Следчым камітэтам. Санкцыяй названага артыкула прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

БЕЛТА