Дом-інтэрнат на сучасны лад пабудавалі ў Пастаўскім раёне
На Віцебшчыне за апошнія паўтара-два гады праведзена вялікая праца па абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы дамоў-інтэрнатаў для пажылых, інвалідаў, дзяцей, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай апецы дзяржавы. Вынікі яе ўжо бачныя на свае вочы. І вось яшчэ адно пацвярджэнне эфектыўнасці прыкладзеных намаганняў – 23 студзеня ў Пастаўскім раёне адкрыты новы спальны корпус Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.
Гэта адна з найстарэйшых стацыянарных сацыяльных устаноў у вобласці. Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны ў былой панскай сядзібе ў вёсцы Новыя Ясневічы размяшчаўся дзіцячы дом, а ў жніўні 1957 года быў створаны дом інвалідаў. Апошні са старых будынкаў дома-інтэрната пабудаваны ў сярэдзіне 1970-х гадоў, як і ўсе іншыя ён быў аднапавярховы, барачнага тыпу.
У 2005 годзе па заключэнні экспертнай камісіі два жылыя корпусы былі прызнаны непрыдатнымі для пражывання. Следам са 210 да 105 чалавек скарочаны штат пражываючых. Перспектывы дома-інтэрната на той момант былі вельмі няпэўныя. І толькі ў 2011 годзе сітуацыя змянілася кардынальна, калі ў красавіку было пачата ўзвядзенне новага, сучаснага, абсталяванага ўсімі выгодамі трохпавярховага корпуса. Гэта першы такі на Віцебшчыне.
– З яго адкрыццём мы вырашылі ў тым ліку і праблему чэргаў у дамы-інтэрнаты, а яна, што хаваць, была, нягледзячы на тое, што на Віцебшчыне больш чым у іншых абласцях дамоў-інтэрнатаў – 15, – сказаў на ўрачыстым мерапрыемстве старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў. – І самае галоўнае – мы значна палепшылі ўмовы пражывання падапечных і працы абслуговага персаналу дома-інтэрната.
Наглядным праяўленнем клопату аб пазбаўленых дапамогі людзях назваў факт будаўніцтва і своечасовага ўводу ў строй новага спальнага корпуса Дунілавіцкага дома-інтэрната намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч. А свае асабістыя ўражанні аб убачаным падчас абыходу падрыхтаваных для пражываючых пакояў, залы для трэніровак, холаў, месцаў для адпачынку ён запісаў у кнізе наведвальнікаў невялікага музея дома-інтэрната, якому таксама знайшлося месца ў новым корпусе.
/>Агулам на будаўніцтва, рэканструкцыю, мадэрнізацыю і капітальны рамонт дамоў-інтэрнатаў вобласці летась затрачана каля 65 млрд. рублёў, з іх 25,5 млрд. укладзена ў Дунілавіцкі. Рэканструкцыя яго будзе працягнута: на чарзе – увод медыцынскага корпуса, будаўніцтва сталоўкавай, мадэрнізацыя будынкаў, што засталіся. Працягнуцца работы і ў іншых дамах-інтэрнатах, наступны адрас добрых навін – Глыбоцкі раён, вёска Петрунова, дзе завяршаецца капітальны рамонт аналагічнага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.
Таццяна Гарнова, «НС», фота аўтара