Дом-музей Шагала і яшчэ 4 турыстычныя аб'екты будуць рэканструяваныя ў Віцебску ў 2009-2010 гадах
24 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дом-музей Марка Шагала ўвайшоў у лік пяці аб'ектаў турыстычнага паказу і адпачынку, якія трэба будзе пабудаваць і рэканструяваць на працягу бліжэйшых двух гадоў у Віцебску. Дэпутаты Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў сёння зацвердзілі праграму развіцця турызму ў абласным цэнтры на 2009-2010 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Акрамя рэканструкцыі бацькоўскага дома мастака на тэрыторыі музея будзе пабудавана кафэ на 16 пасадачных месцаў. Праграмай таксама прадугледжана завяршэнне будаўніцтва Свята-Уваскрасенскай царквы, добраўпарадкаванне і аснашчэнне сучаснымі атракцыёнамі Цэнтральнага парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі, добраўпарадкаванне лодачнай станцыі.
Разам з развіццём інфраструктуры турыстычнай галіны абласнога цэнтра неабходна кадравае і навуковае суправаджэнне. Праграма прадугледжвае забеспячэнне падрыхтоўкі спецыялістаў па арганізацыі пазнавальнага, экалагічнага, дзелавога і рэлігійнага турызму. Асаблівая ўвага будзе нададзена падрыхтоўцы кадраў са сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для сферы абслугоўвання і паслуг. У адпаведнасці з праграмай перад вучонымі будзе пастаўлена задача ацаніць інвестыцыйную прывабнасць горада, а таксама розных складнікаў туріндустрыі для фарміравання партфеля інвестыцыйных прапаноў.
На працягу бліжэйшых двух гадоў у абласным цэнтры будзе створаны турысцка-інфармацыйны цэнтр, галоўнай задачай якога стане фарміраванне сеткі паслуг горада, выяўленне патэнцыйных рынкаў экспарту турыстычных паслуг і прасоўванне турпрадукту горада на сусветны рынак. Выкананне маркетынгавых мерапрыемстваў дазволіць павысіць эфектыўнасць выкарыстання турыстычных рэсурсаў і павялічыць аб'ём экспарту турыстычных паслуг удвая. Фінансаванне мерапрыемстваў праграмы будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў абласнога бюджэту і пазабюджэтных сродкаў.-0-