Дом для самастойнага пражывання інвалідаў і адзінокіх пажылых людзей ствараецца ў Віцебскай вобласці
11 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Першы дом самастойнага пражывання інвалідаў і адзінокіх пажылых людзей ствараецца ў Віцебскай вобласці на базе Аршанскага раёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Аршанскага райвыканкама.
Дом разлічаны на пражыванне 6-8 чалавек, здольных ажыццяўляць за сабой догляд. Пражываючыя тут людзі будуць самі распараджацца сваёй пенсіяй, весці гаспадарку, свабодна займацца іншай дзейнасцю. Асаблівасць аб'екта заключаецца ў тым, што, нягледзячы на ўсю сваю самастойнасць, старыя і інваліды будуць знаходзіцца пад пастаянным наглядам сацыяльных работнікаў і медперсаналу з размешчанага ў непасрэднай блізкасці аддзялення кругласутачнага прабывання адзінокіх пажылых людзей у вёсцы Тарчылава, пры неабходнасці карыстацца паслугамі гэтай установы. Такім чынам, дом дазваляе вырашыць падвойную задачу: забяспечыць назіранне і дапамогу людзям, якія маюць патрэбу ў гэтым, і зняць павышаную нагрузку з сацыяльных работнікаў, якім часам неабходна праехаць дзясятак кіламетраў, каб дабрацца да сваіх падапечных.
У цяперашні час у доме самастойнага пражывання інвалідаў і адзінокіх пажылых людзей вядзецца рамонт. Плануецца, што першыя пастаяльцы з'явяцца тут ужо ў канцы гэтага - пачатку наступнага года.
Праект з'яўляецца адной з новых форм аказання сацыяльнай дапамогі насельніцтву. У выпадку яго паспяховага функцыянавання практыка стварэння такіх дамоў будзе распаўсюджана і на іншыя раёны вобласці.-0-