Дамы-інтэрнаты Віцебскай вобласці на падрыхтоўку да новага ацяпляльнага сезона накіруюць Br17 млрд.
18 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На падрыхтоўку да новага ацяпляльнага сезона стацыянарных сацыяльных устаноў Віцебскай вобласці будзе накіравана Br17 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Якаў Жулеў на пасяджэнні калегіі ведамства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сродкі будуць накіраваны не толькі на падрыхтоўку цеплакрыніц, але і на рэканструкцыю, капітальны рамонт будынкаў. Якаў Жулеў акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў пасяджэння калегіі на неабходнасці больш актыўнага прыцягнення спонсарскай дапамогі. Станоўча ў гэтым напрамку працуюць Селюцкае (за першы квартал прыцягнута Br39,7 млн. спонсарскіх сродкаў), Багушэўскае (адпаведна Br18 млн.), Полацкае (Br8,6 млн.) дома-інтэрнаты.
Касаючыся асноўных задач па падрыхтоўцы да новага міжсезоннага перыяду, першы намеснік старшыні камітэта адзначыў неабходнасць своечасовага і поўнага асваення выдзеленых бюджэтных сродкаў, а таксама нарыхтоўкі да 1 кастрычніка запасаў вугалю ў аб'ёме 60 т, 12 тыс.м куб. дроў, 900 т торфабрыкетаў. Поўнасцю да кастрычніка варта набыць абутак і адзенне для пастаяльцаў. Работы па падрыхтоўцы цеплакрыніц варта завяршыць да 1 верасня. Акрамя таго, на працягу бліжэйшых некалькіх месяцаў дома-інтэрнаты павінны правесці работу па перадачы кацельняў на баланс ЖКГ.
Ацяпляльны сезон 2010/2011 года ў стацыянарных сацыяльных установах рэгіёну прайшоў без здарэнняў, у штатным рэжыме. У тэрмін былі праведзены агляды і рамонт кацельнага абсталявання. Доля мясцовых відаў паліва ў агульным аб'ёме спажывання ў дамах-інтэрнатах склала 86,7%, што з'яўляецца лепшым паказчыкам сярод усіх рэгіёнаў рэспублікі. Пры гэтым у Аляксандраўскім, Селюцкім, Браслаўскім, Якаўлевіцкім дамах-інтэрнатах дасягнута стопрацэнтнае выкарыстанне МВП. Паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 12,8% пры заданні аблвыканкама мінус 10%. Найбольш высокіх вынікаў па яго выкананні дасягнулі Полацкі (мінус 18,5%), Глыбоцкі (мінус 17,4%), Браслаўскі (мінус 17,3%) дома-інтэрнаты.-0-