Дамы рамястваў у Віцебскай вобласці адкрываюць уласныя салоны-крамы
15 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Салоны-крамы пачалі функцыянаваць пры дамах рамёстваў у Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі.
У адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама ў райцэнтрах створаны і працуюць 19 салонаў. У іх прадстаўлены вырабы народных майстроў і рамеснікаў, сувенірная прадукцыя з мясцовым каларытам, ёсць як аўтарскія творы прызнаных майстроў дэкаратыўна-прыкладного мастацтва, так і работы іх вучняў.
Як лічыць Мікалай Пашынскі, адкрыццё салонаў дазволіць васпоўніць дэфіцыт сувенірнай прадукцыі, развіваць народныя промыслы, захоўваць нацыянальныя традыцыі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, да таго ж гэта дадатковая крыніца даходу для майстроў і дамоў рамёстваў.
Разам з тым вырабы народнай творчасці павінны шырэй прадстаўляцца ў гандлёвай сетцы, лічыць Мікалай Пашынскі. Цяпер дамы рамёстваў наладжваюць дзелавыя кантакты з уладальнікамі аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, прадпрыемствамі спажывецкай кааперацыі для рэалізацыі сваіх вырабаў.
У Віцебскай вобласці працуюць 26 дамоў рамёстваў. Яны аб'ядноўваюць каля 2,5 тыс. народных майстроў, якія захоўваюць традыцыйныя для Паазер'я промыслы: ткацтва, саломкапляценне, ганчарнае рамяство, вышыўку, разьбу па дрэве і многае іншае.-0-