Дадатковыя аўтастаянкі будуць арганізаваны для гасцей «Славянскага базару ў Віцебску».

7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя ў дні правядзення фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" для забеспячэння бяспекі дарожнага руху будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў ДАІ МУС Беларусі. Да кругласутачнага патрулявання віцебскіх вуліц будуць прыцягнуты супрацоўнікі ДАІ Віцебскага аблвыканкама, экіпажы спецыяльнага падраздзялення дарожна-патрульнай службы "Стрэла" МУС, а пры неабходнасці і тэрытарыяльных падраздзяленняў іншых рэгіёнаў. Падчас правядзення мерапрыемстваў, прадугледжаных праграмай фестывалю, на прылеглых да амфітэатра вуліцах будзе абмежаваны дарожны рух. Абмежаванні закрануць плошчу Свабоды, праспект Фрунзе (участак ад пл. Свабоды да вул. Даватара), вуліцы Замкавую (участак ад вул. Леніна да вул. Пушкіна) і Леніна (участак ад вул. Праўды да вул. Я. Купалы). Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе жыхарам Віцебска і гасцям горада выбіраць маршруты, не звязаныя з праездам вышэйпералічаных вуліц, адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту, а таксама быць дысцыплінаванымі і выконваць ПДР. Транспартныя сродкі, прыпаркаваныя з парушэннем патрабаванняў устаноўленых дарожных знакаў і разметкі, будуць эвакуіраваны. Для наведвальнікаў мерапрыемстваў фестывалю будуць арганізаваны дадатковыя аўтастаянкі на вуліцах Перамогі, Даватара, Хмяльніцкага, Калініна, Гогаля і каля ДК Прафсаюзаў.-0-