Дадатковыя даходы бюджэту Віцебскай вобласці ў студзені склалі каля Br75 млрд.

18 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дадатковыя даходы кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці ў студзені 2011 года склалі каля Br75 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. Усяго ў кансалідаваны бюджэт вобласці паступіла Br453,2 млрд. даходаў, або 119,7% гадавых планавых прызначэнняў, у тым ліку плацяжы ў рэспубліканскі бюджэт склалі каля Br211 млрд., у мясцовы бюджэт паступіла Br242,2 млрд. (146,3%). У структуры даходаў удзельная вага падатку на дабаўленую вартасць склала 45,1%, падаходнага падатку - 12,6%, падатку на прыбытак - 8,8%, акцызаў - 5,8%. Па дадзеных на 1 лютага, запазычанасць суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці па плацяжах у бюджэт склала Br11 млрд. З пачатку года рост запазычанасці плацельшчыкаў адбыўся ў двух раёнах абласнога цэнтра, а таксама ў Віцебскім і Шаркаўшчынскім раёнах. Не маюць доўгу перад бюджэтам плацельшчыкі сямі сельскіх раёнаў і Наваполацка. У парадку прыняцця мер прымусовага спагнання запазычанасці інспекцыі МПЗ вобласці ліквідавалі недаімку бюджэту на суму Br10,7 млрд., што складае 2,4% ад агульнай сумы бюджэтных даходаў. Найбольшую долю плацяжоў забяспечылі юрыдычныя асобы ўсіх форм уласнасці, якімі сфармавана 95,5% даходаў бюджэту (у тым ліку дзяржаўнымі прадпрыемствамі 76,6%). Аб'ём падатковых плацяжоў індывідуальных прадпрымальнікаў склаў 2,9% даходаў бюджэту, плацяжы фізічных асоб займаюць каля 1,1% у агульным аб'ёме даходаў. Усяго ў фарміраванні даходнай часткі бюджэту прымаюць удзел звыш 457 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку амаль 17 тыс. юрыдычных асоб, больш за 29 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і каля 411 тыс. фізічных асоб.-0-