Дадатковыя меры па ліквідацыі неабгрунтаванага пасрэдніцтва прыняты ў Беларусі

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі па даручэнні Прэзідэнта ўрадам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам прыняты дадатковыя меры па ліквідацыі і спыненні неабгрунтаванага і несумленнага пасрэдніцтва. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Апараце Савета Міністраў. Работа па ліквідацыі пасрэдніцтва праводзіцца ўрадам Беларусі сумесна з Нацыянальным банкам, мясцовымі органамі ўлады на пастаяннай аснове. Пытанні набыцця імпартных і айчынных тавараў (работ, паслуг), рэалізацыі прадукцыі арганізацыямі, кантрольны пакет акцый (доля ва ўстаўным фондзе) якіх належыць Рэспубліцы Беларусь (яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам, у цяперашні час сістэмна ўрэгуляваны. Усё гэта дазваляе забяспечваць як ліквідацыю неабгрунтаванага і несумленнага пасрэдніцтва, так і магчымасць яго выяўлення, адзначылі ў Апараце Саўміна. Устаноўленая сістэма заканадаўчых мер па ліквідацыі такога пасрэдніцтва дапаўняецца кантрольна-адміністрацыйнымі мерамі па яе выкананні, уключаючы меры аператыўнага рэагавання. Праваахоўныя і кантрольныя органы праводзяць мэтанакіраваную работу па выяўленні і спыненні проціпраўных дзеянняў у эканамічнай сферы, у тым ліку звязаных з неабгрунтаваным і несумленным пасрэдніцтвам, а таксама дзейнасцю ілжэпрадпрымальніцкіх структур. Пераважная большасць дзяржаўных арганізацый (з доляй дзяржавы) выконваюць устаноўлены ў рэспубліцы парадак набыцця тавараў (работ, паслуг) і рэалізацыі прадукцыі. Разам з тым пры праверках выяўляюцца асобныя выпадкі яго наўмыснага або ненаўмыснага парушэння, якія кваліфікуюцца як проціпраўныя дзеянні канкрэтных асоб. Пры правядзенні ў IV квартале 2009 года комплексных праверак асобных арганізацый Камітэтам дзяржаўнага кантролю былі ўстаноўлены факты неабгрунтаванага і несумленнага пасрэдніцтва пры закупках тавараў, сыравіны, абсталявання, аб якіх у студзені 2010 года дакладзена кіраўніку дзяржавы. Па выяўленых фактах праведзены службовыя расследаванні. Вінаватыя прыцягнуты да адказнасці. Міністэрствы і канцэрны ўказалі сваім падпарадкаваным арганізацыям на недапушчэнне парушэння ўстаноўленага парадку закупкі тавараў, сыравіны, матэрыялаў. Так, у ходзе праверачных мерапрыемстваў КДК было ўстаноўлена, што адсутнасць належнага ўладальніцкага нагляду з боку канцэрна "Беллегпрам" за дзейнасцю ААТ "Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне" прывяло да неабгрунтаванага ўдзелу пасрэдніцкіх структур у забеспячэнні гэтага ААТ сыравінай і матэрыяламі. У прыватнасці, закупка 20% скур для вытворчасці скуры ажыццяўлялася аб'яднаннем праз пасрэднікаў з нацэнкай да 20%. Яшчэ адзін прыклад. У Магілёўскай вобласці пры наяўнасці ўласных вытворцаў электрамантажнай прадукцыі - ПУП "Тыфлос" АА "БелТІЗ", дзе выпускаюць разеткі, выключальнікі, мантажныя скрынкі, ААТ "Будаўнічы трэст №12" закупіла імпартную электрамантажную прадукцыю на суму Br9,4 млн. Гэтыя вырабы для будаўніцтва жылых дамоў у Магілёве па ўказанні Мінбудархітэктуры заменены на беларускія аналагі. З вядучым інжынерам аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ААТ "Будаўнічы трэст №12", які дапусціў гэтае парушэнне, не прадоўжаны працоўны кантракт. Па інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж для выканання рамонтных работ за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту закупіў будматэрыялы на Br48,8 млн., у тым ліку ў пасрэднікаў - на Br34,2 млн. (70% усіх закупак). Пры гэтым узровень гандлёвай нацэнкі на матэрыялы, закупленыя ў пасрэднікаў, склаў ад 15% да 20%. Такім чынам, установай было залішне затрачана, а пасрэднікамі неабгрунтавана атрымана каля Br6,8 млн. Працягваецца расследаванне па факце ўдзелу пасрэднікаў пры правядзенні будаўнічых работ УП "Рэмаўтадар Кастрычніцкага раёна г.Мінска" Мінскага гарвыканкама. Па інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, гэта прадпрыемства для будаўніцтва аб'екта скарысталася паслугамі субпадрадчыка АДА "Трыплекс", які рэалізаваў 1 тыс.т асфальтабетоннай сумесі на Br117 млн. без пацвярджаючых дакументаў праз ілжэпрадпрымальніцкую структуру. У выніку кошт работ з улікам не пацверджанай пастаўкі матэрыялаў, аплачаных за кошт бюджэтных сродкаў, завышаны на Br180 млн. Прававое рэгуляванне пытанняў набыцця тавараў (работ, паслуг) і рэалізацыі прадукцыі, якое забяспечвае ліквідацыю неабгрунтаванага і несумленнага пасрэдніцтва, не абмяжоўваецца прыняццем ведамасных і лакальных рашэнняў. У адпаведнасці з планам законапраектнай дзейнасці на 2010 год урадам распрацаваны і ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных закупках". Гэтым праектам прадугледжваецца фарміраванне ўпаўнаважаным дзяржаўным органам спісаў кваліфікаваных пастаўшчыкоў (па заяўным прынцыпе з улікам патрабаванняў аб кваліфікацыйным адборы). Прадугледжваецца і фарміраванне спісаў пастаўшчыкоў, якія на пэўны перыяд будуць пазбаўляцца права ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак (напрыклад, па прычыне ўхілення пераможцаў таргоў ад заключэння дагавораў), а таксама забарона на ўдзел у закупках афіляваных асоб. Для спынення проціпраўных дзеянняў у дачыненні да добрасумленных удзельнікаў прадпрымальніцкай дзейнасці ў цяперашні час разглядаецца пытанне аб магчымасці арганізацыі іх доступу да сфарміраванай МПС інфармацыйнай базе ілжэпрадпрымальніцкіх структур. Каб абмежаваць імпарт прадукцыі, аналагічнай той, што вырабляецца ў рэспубліцы, і ліквідаваць неабгрунтаванае і несумленнае пасрэдніцтва, плануецца стварэнне адзінай інфармацыйнай сістэмы вытворцаў і наменклатуры тавараў, што выпускаюцца ў рэспубліцы. Як адзначылі ў Апараце Саўміна, урад забяспечыць выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы аб ліквідацыі неабгрунтаванага і несумленнага пасрэдніцтва, якое негатыўна ўплывае на эканоміку рэспублікі. Таксама будзе забяспечаны дзейсны кантроль за выкананнем парадку набыцця тавараў (работ, паслуг), рэалізацыі прадукцыі. Вінаватыя ў парушэннях будуць прыцягвацца да адказнасці, незалежна ад пасад. З улікам характару і мэт набыцця тавару дадзеная сістэма можа ўдасканальвацца, аднак яе базавымі патрабаваннямі застануцца цана, умовы фінансавання і якасць набываемага тавару, падкрэслілі ў Апараце Савета Міністраў.-0-