Дадатковыя пункты вымярэння артэрыяльнага ціску будуць працаваць 23 і 24 красавіка ў Віцебскай вобласці
Прапануюць вымераць артэрыяльны ціск жыхарам Віцебшчыны ў межах рэспубліканскай медыка-асветніцкай акцыі «Разам да здаровага сэрца».
Такім чынам, урачы ў чарговы раз нагадваюць насельніцтву, наколькі важна сёння весці здаровы лад жыцця і пастаянна сачыць за сваім самаадчуваннем, каб своечасова выявіць развіццё хвароб сістэмы кровазвароту, якія сёння шырока распаўсюджаны.
У сувязі з гэтым у паліклініках, участковых бальніцах, амбулаторыях, сельскіх ФАПах, аптэках і гандлёвых цэнтрах вобласці будуць арганізаваны пункты вымярэння артэрыяльнага ціску. На працягу двух дзён, 23 і 24 красавіка, з 9.00 да 20.00 любы ахвотны зможа не толькі даведацца свой узровень АД, але і ўзяць талон на прыём да кардыёлага ў абласны кардыядыспансер і ўсе амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі рэгіёна.
У прыватнасці, у Віцебску такія пункты будуць працаваць на галоўпаштамце, у ТЦ
«Эвіком», аптэках №№ 31, 128, 164 і 171, разліковым цэнтры №1 (Маскоўскі праспект, 38), краме «Веста» пасёлка Руба, а таксама на здраўпунктах шэрагу прадпрыемстваў.Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"