Дадатковыя вагоны ўключаць у склад фірменнага цягніка Полацк-Масква ў дні "Славянскага базару"
7 ліпеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларуская чыгунка ў дні "Славянскага базару ў Віцебску" дадаткова ўключыць у склад фірменнага цягніка "Дзвіна" №39/40 Полацк-Масква два купэйныя і два спальныя вагоны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе БЧ.
Падчас фестывалю гэты цягнік карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод пасажыраў, адзначылі ў БЧ. Абслугоўваць фірменны састаў будуць чатыры цягніковыя брыгады Полацкага рэзерву праваднікоў Віцебскага пасажырскага ўчастка.
У фірменным цягніку працуе вагон-рэстаран. Ужо дзявяты год калектыў работнікаў "Желдорсервиса" Віцебскага пасажырскага ўчастка абслугоўвае тут артыстаў і гасцей фестывалю. Якасць страў, прыгатаваных кухарамі беларускай магістралі, за гэтыя гады змаглі ацаніць Ала Пугачова, Алег Газманаў, Філіп Кіркораў, Барыс Маісееў, Бары Алібасаў, гурт "На-на", Аляксандр Буйноў і многія іншыя. Асаблівай папулярнасцю ў вядомых пасажыраў карыстаюцца стравы беларускай кухні, сярод якіх салат-кактейль "Вянок", бульён з калдунамі, мачанка з блінамі, дранікі, бульбяныя аладкі, фаршаваныя мясам з грыбамі.
Калектыў прадпрыемства і сёлета гатовы прапанаваць зоркам разнастайнае меню, уключаючы стравы еўрапейскай і беларускай кухні.-0-