«Дарогамі спаленых вёсак»: у Докшыцкім раёне 22 чэрвеня пройдзе абласная акцыя памяці
У акцыі будуць удзельнічаць аўтаклубы вобласці. Прадстаўнікі кожнага раёна прывязуць карту спаленых вёсак свайго краю і раскажуць, колькі з іх было знішчана карнікамі, колькі так і не паўстала з попелу. Перад пачаткам мітынгу-рэквіема для гасцей мерапрыемства правядуць экскурсію па мемарыяльным комплексе, пабудаваным на месцы спаленай вёскі Шунеўка.
Ад вёскі не засталося і следу, калі туды 22 мая 1943 года рана раніцай уварваліся карнікі. Мірных жыхароў сагналі ў хлеў і падпалілі. Людзі прынялі пакутніцкую смерць, згарэўшы зажыва. Маленькіх дзяцей ад 1 да 6 гадоў фашысты кінулі ў студню. З зямлёй зраўнялі 26 двароў, аднялі жыцці ў 66 чалавек. Толькі тром шунеўцаў цудам удалося выратавацца. Гэта сямігадовы хлопчык Валодзя Рудкоўскі, які знайшоў шчыліну ў палаючым хляве і выскальзнуў, уцёкшы пад градам куль у лес. І вясковец Канстанцін Ананіч з дачкой Сонечкай, якія хаваліся ў зямлянцы ў лесе і засталіся незаўважанымі, калі фашысты прачэсвалі наваколле ў пошуках жыхароў Шунеўкі. Соф'я Ананіч (Шаблоўская) пазней жыла ў Мінску і яшчэ доўгія гады прыязджала на малую радзіму - у вёску, ад якой захаваліся толькі горкія ўспаміны. Яна распавяла падрастаючаму пакаленню, як удалося выжыць і якія здзекі чынілі захопнікі на беларускай зямлі.
Удзельнікам акцыі таксама пакажуць тэатралізаваную пастаноўку, дзе прадставяць мірнае жыццё Шунеўкі і яе трагедыю. Пасля правядзення мітынгу-рэквіема прадстаўнікі аўтаклубаў перададуць моладзі Докшыцкага раёна карты спаленых вёсак як знак пераемнасці пакаленняў. Гэтыя карты затым адправяцца ў Бегамльскі музей народнай славы. Завяршальным скорбным акордам мерапрыемства стане запальванне свечак памяці.