Дагляд без ускрыцця грузу будуць ажыццяўляць мытнікі ў пункце пропуску «Грыгораўшчына» з дапамогай сучасных тэхналогій
У Віцебскай мытні прайшоў семінар-сустрэча, прысвечаны завяршэнню будаўніцтва стацыянарнага рэнтгенаўскага інспекцыйна-даглядного комплексу на мяжы з Латвіяй у Грыгароўшчыне Верхнядзвінскага раёна. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў Віцебшчыны, якія займаюцца знешнегандлёвай дзейнасцю, службовыя асобы.
Намеснік начальніка Віцебскай мытні па арганізацыі мытнага афармлення і кантролю Сяргей Самушэў падрабязна азнаёміў прысутных з ходам рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва, асноўную долю сродкаў у рэалізацыю якога ўнёс Еўрапейскі саюз.
Ініцыятыва з агульным бюджэтам у 2,8 млн еўра ажыццяўляецца Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі, Віцебскай і Мінскай цэнтральнымі мытнямі ў супрацоўніцтве са Службай дзяржаўных даходаў Латвійскай Рэспублікі. Яе мэта – укараненне ў пункце пропуску «Грыгароўшчына» новай тэхналогіі, якая дазваляе пры дапамозе сканавання ажыццяўляць дагляд без ускрыцця грузу перавозчыка, што дазволіць істотна зэканоміць час. Важна, што пры гэтым будуць максімальна выкананы ўсе экалагічныя нормы па радыяцыйным выпраменьванні. Дзякуючы надзейнай сістэме светлавой і гукавой ізаляцыі праект у гэтым плане можа лічыцца лепшым у рэспубліцы.
Сяргей Самушэў прывёў лічбы, якія характарызуюць няўхільны рост колькасці грузавых аўтатранспартных сродкаў, што перасякаюць беларускі ўчастак мяжы Мытнага саюза: з 1,9 млн адзінак у 2010 годзе да 2,4 млн у 2014-м. Таму стаіць задача максімальна скараціць час чакання і праходжання мытнага кантролю. Плануецца рост прапускной здольнасці з 18 тыс. аўтамабіляў у суткі ў 2009-м да 34 тыс. у 2015 годзе.
Праграма мінімізацыі прастояў прадугледжвае рэалізацыю прынцыпу «дзве службы на мяжы» (у прыватнасці, мытным органам перададзены функцыі аўтамабільнага кантролю ў частцы транспартных сродкаў і дакументаў, санітарна-каранціннага і ветэрынарнага фітасанітарнага кантролю), скарачэнне часу ўводу і апрацоўкі інфармацыі, павелічэнне прапускной здольнасці дзеючых пунктаў і адкрыццё новых, прымяненне сістэмы папярэдняй электроннай інфармацыі, удасканаленне тэхналогіі мытных аперацый.
Выкарыстанне дадзенага комплексу на аўтадарожным пункце, а яго ўвод можа адбыцца ўжо ў канцы года, як запэўніваюць службовыя асобы, дазволіць перавярнуць мытны кантроль тавараў і транспартных сродкаў на якасна новы ўзровень і істотна павысіць бяспеку ў трансгранічным рэгіёне.
Алесь Бынькоў, "Віцебскія весці"