Да датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў у Беларусі пачынаецца сёння
20 красавіка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў пачынаецца сёння ў Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лозавік.
У 10.00 па ўсёй краіне адкрыюцца ўчасткі для галасавання. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе на працягу пяці дзён: з 20 па 24 красавіка. Выбаршчыкі могуць прыйсці на ўчастак з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Два прамежкі часу ўстаноўлены для таго, каб прагаласаваць маглі людзі, якія працуюць як у першую, так і ў другую змену.
Бюлетэні для галасавання камісія будзе выдаваць выбаршчыку на падставе двух дакументаў, галоўным з якіх з'яўляецца спіс грамадзян, якія маюць права галасаваць на дадзеным выбарчым участку. Грамадзянін, прыйшоўшы на выбарчы ўчастак, прад'яўляе дакумент, які ідэнтыфікуе асобу, у якім абавязкова павінна быць фатаграфія. Гэта можа быць пашпарт, ваенны білет, службовае пасведчанне дзяржслужачага, пенсійнае пасведчанне, студэнцкі білет, даведка органаў унутраных спраў (для тых, хто страціў пашпарт) і від на жыхарства (для грамадзян Расіі, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне).
У залежнасці ад участка ў бюлетэнях будзе розная колькасць кандыдатаў у дэпутаты. Калі іх некалькі, выбаршчык ставіць любы графічны знак у квадраце насупраць прозвішча кандыдата, якога лічыць годным. Ёсць магчымасць таксама прагаласаваць "супраць усіх". Калі ў бюлетэні пазначаны адзін кандыдат, то насупраць яго прозвішча будуць два квадраты з надпісамі "за" і "супраць", адзін з якіх і павінен адзначыць выбаршчык.
Мікалай Лозавік звярнуў увагу, што сёлета з улікам змен у выбарчае заканадаўства кантроль за правядзеннем датэрміновага галасавання будзе больш жорсткім. Так, у першы дзень датэрміновага галасавання выбаркамам трэба будзе апячатаць урны ў прысутнасці кворуму з дзвюх трацін складу камісіі (раней гэту працэдуру маглі здзяйсняць два члены камісіі). Пасля заканчэння кожнага дня галасавання, гэта значыць у 19.00, прарэз у скрыні для датэрміновага галасавання трэба заклейваць лістом паперы з подпісам старшыні і члена камісіі. У памяшканні, дзе праходзіць галасаванне, кожны дзень вывешваюцца абноўленыя пратаколы з інфармацыяй аб колькасці грамадзян, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні.-0-