Да датковага галасавання ў Віцебскай вобласці праходзіць у адпаведнасці з законам - міжнародны назіральнік

15 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. Парушэнняў выбарчага заканадаўства падчас першых дзён датэрміновага галасавання ў Віцебскай вобласці не выяўлена, канстатаваў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА доўгатэрміновы назіральнік ад СНД дырэктар дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканкама СНД Анатоль Нябогатаў. Назіральнік азнаёміўся з работай чатырох участковых камісій і працэдурай галасавання, уключаючы апячатванне скрынь для датэрміновага галасавання. Анатоль Нябогатаў звярнуў увагу на вялікую прысутнасць мясцовых назіральнікаў: на адным з участкаў іх было каля паўтара дзясятка. На яго думку, гэта сведчыць аб тым, што выбарчы працэс празрысты. "Кампанія па выбарах праходзіць у рамках дзеючага ў Беларусі заканадаўства", - сказаў ён. Анатоль Нябогатаў адзначыў кампетэнтнасць членаў участковых камісій, а таксама іх добразычлівае стаўленне да выбаршчыкаў і назіральнікаў. Участковыя камісіі маюць усе прадугледжаныя заканадаўствам дакументы, актыўную падтрымку ім аказваюць тэрытарыяльныя камісіі. Кароткатэрміновыя міжнародныя назіральнікі прыедуць у рэгіёны напярэдадні дня выбараў. Па папярэдніх даных, іх будзе больш за 40, уключаючы назіральнікаў ад СНД, АБСЕ. Камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі ў Віцебскай вобласці акрэдытавалі звыш 4,4 тыс. мясцовых назіральнікаў. У Віцебскай вобласці працуе 28 тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку адна абласная, 21 раённая, тры гарадскія камісіі працуюць у гарадах абласнога падпарадкавання, тры раённыя – у Віцебску. Створана 911 участковых камісій. Па даных Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, у Віцебскай вобласці ў першы дзень датэрміновага галасавання ўдзел у выбарах прынялі 5% выбаршчыкаў. -0-