Дасягненне спартсмена з Оршы занесена ў кнігу рэкордаў Гінэса

Достижение спортсмена из Орши занесено в книгу рекордов Гиннесса

Сяргей Шыркевіч у роднай Воршы – асоба вядомая. Паважаюць гэтага неардынарнага чалавека і ставяць яго спартыўныя дасягненні ў прыклад пачаткоўцам атлетам Віцебска, Мінска, Масквы. А захапляцца сапраўды ёсць чым. Не кожны ў 60 гадоў выконвае нарматыў майстра спорту па паўэрліфтынгу, адціскаючы ад грудзей 145-кілаграмовую штангу, а ў 62 атрымлівае сертыфікат Кнігі рэкордаў Гінэса!

Шэсць гадоў таму Сяргею Уладзіміравічу паставілі няўцешны дыягназ – неўральная аміятрафія – і далі трэцюю групу інваліднасці. Гледзячы на ўпэўненага ў сабе мужчыну з магутным торсам і цвёрдым поціскам рукі, і не здагадаешся пра нежартаўныя праблемы са здароўем. А менавіта тады, калі яго ногі, ад каленяў да стоп, пачалі танчэць, нібы ў іх зусім няма цягліц, Сяргей Шыркевіч грунтоўна заняўся паўэрліфтынгам і кросфітам. Сур'ёзна хвароба дала аб сабе знаць пасля 50 гадоў, але яшчэ ў дзяцінстве ногі балелі, было цяжка ўставаць на іх па раніцах. Цярпеў, расхаджваўся, рабіў зарадку – не прызнаваў недуг, увесь час даказваў, у першую чаргу сабе, што ў яго ўсё добра.

Маці Сяргея Шыркевіча была глуханямой, бацьку ён зусім не ведаў. Першую школу жыцця прайшоў у аршанскім інтэрнаце. Менавіта тады, насуперак усяму, захапіўся сілавымі відамі спорту, тэнісам, футболам. Марыў асвоіць прафесію юрыста. Аднак, здаўшы экзамены ў ВНУ, не прайшоў па конкурсе і вярнуўся ў Воршу. Вывучыўся ў аўташколе і больш за 30 гадоў працаваў кіроўцам.

– Сур'ёзна заняўся атлетычнай гімнастыкай гадоў у 30, – распавядае спартсмен. – Рэгулярна хадзіў у трэнажорную залу, ці «качалку», як раней яе называлі. Пазней выпадкова на вочы трапіўся артыкул пра маскоўскага пенсіянера, вучонага-біёлага Гольдмана. Як аказалася, гэты незвычайны валявы чалавек у свае семдзесят пяць гадоў падымаў вагу ў 165 кілаграмаў. Публікацыя дала новы імпульс, стала стымулам да дзеяння. Я цвёрда вырашыў дарасці да яго ўзроўню. Набыў кучу літаратуры, відэаматэрыялаў і заняўся паўэрліфтынгам.

Калі гэты від спорту стаў паралімпійскім, Сяргей Уладзіміравіч выбраў для сябе спецыялізацыю «жым лежачы». Жывучы ў прыватным доме, абсталяваў у сябе на мансарде трэнажорную залу. На аснове методык вядомых атлетаў распрацаваў уласную сістэму трэніровак і харчавання.

Калі даведаўся, што ў нашай краіне праводзяцца ветэранскія турніры, з асаблівым энтузіязмам узяўся за справу. У 2009 годзе ўпершыню выступіў на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па паўэрліфтынгу для людзей з парушэннем апорна-рухальнага апарата. Стаў першым, падняўшы 130 кілаграмаў і выканаўшы норму кандыдата ў майстры спорту.

З тых часоў Сяргей Уладзіміравіч працягвае выступаць у катэгорыі ад 60 да 69 гадоў, займаючы на ​​спаборніцтвах толькі прызавыя месцы.

У 2012 годзе перамог на чарговым чэмпіянаце краіны ў Брэсце. Выканаў нарматыў майстра спорту – у фінальнай спробе падняў штангу вагой 145 кг. А яшчэ праз год кіраўніцтва Федэрацыі наймацнейшых атлетаў Расіі запрасіла беларускага спартсмена ў Маскву – прыняць удзел у спаборніцтвах на кубак Валянціна Дзікуля. І на турніры «Богатырскі жым» аршанец стаў трэцім.

Пасля паспяховага выступлення ў Маскве Сяргей Шыркевіч вырашыў паэксперыментаваць: заняўся кросфітам у трох рухах паўэрліфтынгу. Іншымі словамі, за мінімальны час трэба прысесці, выціснуць і зрабіць станавую цягу са 100-кілаграмовай штангай. Першае выступленне на запрашэнне штотыднёвіка «Аргументы и факты» адбылося летам мінулага года ў медыцынскім цэнтры «Нордин». За 3 хвіліны 11 секунд Сяргей Шыркевіч 15 разоў прысеў са штангай у 100 кг, 12 разоў паціснуў, 12 разоў пацягнуў. Агульны танаж паднятага грузу склаў 3 т 900 кг! Гэты рэкорд намініраваны для ўнясення ў кнігу рэкордаў краін Балтыі і СНД «Дзіва» як самае ўзроставае дасягненне на постсавецкай прасторы.

А зусім нядаўна, 26 ліпеня, аршанскі атлет зноў стаў ганаровым удзельнікам турніру «Славянскае багатырства» ў Маскве, дзе за 2 хвіліны 11 секунд прысеў 12 разоў, столькі ж паціснуў і 15 разоў пацягнуў 100-кілаграмовую штангу. На паказальных выступленнях 2-га этапу турніру аршанец выканаў тры практыкаванні з паўэрліфтынгу без прыпынкаў, у кожным па 15 паўтораў са штангай 105 кілаграмаў. Агульная вага – 4 т 725 кг! Гэты вынік заяўлены ў расійскі камітэт па рэгістрацыі рэкордаў планеты.

Падчас паказальных выступленняў на 2-й Сусветнай алімпіядзе па гіравым трыатлоне, якая прайшла 14 жніўня ў Віцебску, Сяргей Уладзіміравіч нямала здзівіў прадстаўніка Кнігі рэкордаў Гінэса з Вялікабрытаніі. За 1 хвіліну 45 секунд спартсмен выканаў тры практыкаванні без прыпынкаў па 10 паўтораў. Як вынік – сертыфікат, які пацвярджае новы рэкорд (у ўзроставай катэгорыі 60 – 69 гадоў) і заслужаныя ўзнагароды.

Апроч вялікай колькасці медалёў і грамат па паўэрліфтынгу, у аршанца мноства ўзнагарод у спаборніцтвах па настольным тэнісе. У ліпені Сяргей Шыркевіч выйграў «бронзу» на адкрытым чэмпіянаце Беларусі ў Віцебску.

У сваіх захапленнях аршанскі волат не адзін. З нядаўняга часу ў яго з'явіўся вучань – 40-гадовы інвалід-калясачнік Анатоль Гронскі, які ў настольным тэнісе нават перасягнуў свайго настаўніка. На гэтым жа чэмпіянаце ён выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту і стаў першым! Мужчыны разам трэніруюцца, практыкуюць розныя методыкі, будуюць планы на будучыню. Так, 10 кастрычніка яны ў складзе зборнай будуць прадстаўляць Віцебскую вобласць на рэспубліканскім спартыўным фестывалі «Шумны лістапад», які пройдзе ў Брэсце.

P. S. Шчырую падзяку Сяргей Шыркевіч і Анатоль Гронскі выказваюць кіраўніцтву Аршанскага райвыканкама і адміністрацыі Лядовай арэны за прадастаўленую магчымасць бясплатна карыстацца паслугамі трэнажорнай, спартыўнай залаў і памяшканнямі бабініцкага фізкультурна-спартыўнага клуба аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці"