Даступнасць медыцынскай дапамогі дапаможа выкараніць карупцыю ў ахове здароўя - эксперт

10 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі дапамогуць выкараніць карупцыю ў сістэме аховы здароўя. Такое меркаванне выказаў сёння на пасяджэнні круглага стала па пытанні барацьбы з карупцыяй начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Пашырэнне платных медыцынскіх паслуг не ўплывае на вырашэнне праблемы карупцыі ў сістэме аховы здароўя. Толькі праз павелічэнне даступнасці і павышэнне якасці аказання медыцынскай дапамогі можна дамагчыся даверу насельніцтва і скараціць карупцыйныя праявы з боку грамадскасці ў гэтай сферы", - лічыць Юрый Дзеркач. Акрамя таго, асноўную ролю ў спыненні фактаў хабарніцтва з боку ўрачоў адыгрывае ўдзел насельніцтва, дадаў кіраўнік, падкрэсліўшы, што толькі актыўная пазіцыя грамадзян і іх супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі з'яўляецца ключом да вырашэння пытання выкаранення карупцыі. Юрый Дзеркач таксама нагадаў, што ў Віцебскай вобласці для павышэння даступнасці і якасці медуслуг распрацоўваецца канцэпцыя развіцця аховы здароўя на перыяд да 2015 года. Яна будзе накіравана на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёне, укараненне сучасных медыцынскіх тэхналогій, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбных устаноў. -0-