Даходнасць прадпрыемстваў павінна стаць гарантам высокай заработнай платы работнікаў - С.Сідорскі

12 лістапада, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Даходнасць прадпрыемстваў павінна стаць гарантам атрымання работнікамі рэальнага заробку. Аб гэтым заявіў сёння ў Полацку прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі на сустрэчы з працоўным калектывам ААТ "Полацк-Шкловалакно", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Някалькі гадоў таму амбіцыйнымі здаваліся заявы аб давядзенні сярэднямесячнага заробку да $200. Вынікі работы эканомікі за 9 месяцаў бягучага года паказваюць, што па ўзроўні заробку дасягаюцца зацверджаныя паказчыкі. За верасень узровень сярэдняга заробку ў рэспубліцы склаў $430 у эквіваленце, у бюджэтнай сферы - $331. "Аднак пытанне не ў росце заробку, а ў тым, каб павышаць яго праз даходнасць прадпрыемстваў і такім чынам атрымліваць рэальны заробак. Безумоўна, павышэнне заробку з'яўляецца прыярытэтам, аднак на першае месца неабходна ставіць тэхналагічнае развіццё прадпрыемстваў. Менавіта ў гэтым урад бачыць будучыню", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. Прэм'ер-міністр перакананы, што кожнае прадпрыемства павінна асвойваць новыя віды канкурэнтаздольнай прадукцыі і значна павялічваць іх аб'ёмы вытворчасці. Напрыклад, ААТ "Полацк-Шкловалакно" увяло новую печ, якая дазволіць вырабляць новай прадукцыі на $100 млн. Разам з тым прэм'ер-міністр лічыць, што гэта не шмат, таму што гэтыя даходы несумяшчальныя з даходамі, якія атрымліваюць сусветныя кампаніі, што выпускаюць аналагічную прадукцыю. У прыватнасці, перад прадпрыемствамі нафтахімічнай галіны ў наступнай пяцігодцы ўрад ставіць задачу стаць транспарантнымі, гэта значыць увайсці ў склад транснацыянальных кампаній. "Можна ствараць такія кампаніі з дзеючымі, а можна дамагацца прасоўвання сваёй прадукцыі на рынкі трэціх краін і быць там запатрабаванымі", - сказаў Сяргей Сідорскі. У наступнай пяцігодцы ўрад мае намер выбудоўваць высокатэхналагічную вытворчасць. -0-