Даходы кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці за 7 месяцаў перавысілі Br2,3 трлн.

17 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Даходы кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці за студзень-ліпень бягучага года склалі больш за Br2,3 трлн., або 104,8% да плана, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. Выкананне плана па даходах забяспечана па бюджэтах усіх узроўняў. У рэспубліканскі бюджэт паступіла звыш Br1,2 трлн., або 102,6% да плана, у мясцовы бюджэт больш Br1,1 трлн. (107,3%). Асноўнымі даходнымі крыніцамі кансалідаванага бюджэту вобласці з'яўляюцца акцызы - іх удзельная вага склала 35,7% у агульным аб'ёме паступленняў, ПДВ - 19,3%, падаходны падатак - 12%, падатак на прыбытак - 9,6%. Найбольшая доля паступленняў прыпадае на прадпрыемствы і арганізацыі ўсіх форм уласнасці, якімі сфарміравана 96,1% даходнай часткі кансалідаванага бюджэту вобласці (на юрыдычных асоб дзяржаўнай формы ўласнасці прыпадае 80,7% усіх даходаў). Індывідуальныя прадпрымальнікі забяспечылі паступленне 2,5% даходаў бюджэту. Плацяжы фізічных асоб склалі каля 1,4% ад агульнага аб'ёму паступленняў. Па даных на 1 жніўня, запазычанасць суб'ектаў гаспадарання вобласці па плацяжах у бюджэт склала Br16 млрд. і скарацілася на Br4 млрд. у параўнанні з пачаткам года. У парадку прыняцця мер прымусовага спагнання запазычанасці падатковыя органы вобласці ліквідавалі недаімку бюджэту на суму Br205,8 млрд., або 8,8% ад агульнай сумы даходаў. Усяго ў фарміраванні даходнай часткі кансалідаванага бюджэту вобласці прымаюць удзел звыш 462 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку больш за 16,7 тыс. юрыдычных асоб, амаль 30 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў.-0-