Даходы мясцовых бюджэтаў у Віцебскай вобласці будуць павялічваць за кошт развіцця вытворчасцей і сферы паслуг

10 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Развіццё вытворчасцей і сферы паслуг у малых гарадах будзе спрыяць павелічэнню даходаў мясцовых бюджэтаў, заявіў сёння на сумесным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама начальнік фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Аляксандр Сярэнака, прадстаўляючы праект бюджэту рэгіёна на 2010 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Так, за кошт дзейнасці прадпрыемстваў у малых гарадах бюджэт у 2009 годзе атрымае Br6 млрд. падаткаў і збораў, што на 14% больш за ўзровень 2008 года. Аднак рэзервы ў гэтай сферы яшчэ значныя, падкрэсліў Аляксандр Сярэнака. Праектам бюджэту на 2010 год прадугледжваецца, што падаткі ад зноў створаных прадпрыемстваў у малых паселішчах складуць Вr6,8 млрд. На нізкім узроўні ўсё яшчэ знаходзіцца патэнцыял па прыцягненні ў бюджэт вобласці даходаў ад размяшчэння знешняй рэкламы, лічыць начальнік фінансавага ўпраўлення. У бягучым годзе за кошт гэтай дзейнасці прадугледжваецца атрымаць звыш Br600 млн. Яшчэ адным рэзервам для папаўнення мясцовых бюджэтаў з'яўляецца развіццё сістэмы прыдарожнага сэрвісу. Па выніках 2009 года ў кансалідаваны бюджэт вобласці суб'ектамі прыдарожнай інфраструктуры будзе выплачана каля Br30 млрд. падаткаў, збораў і абавязковых плацяжоў. Гаворачы пра бюджэт вобласці на 2010 год, Аляксандр Сярэнака адзначыў, што асноўную долю ў структуры даходаў мясцовага бюджэту складаюць падатак на дабаўленую вартасць, падаходны падатак, падаткі на прыбытак і даходы, падаткі на ўласнасць, экалагічны падатак. Даходная частка бюджэтаў першаснага ўзроўню будзе папаўняцца за кошт падаткаў на паслугі, курортных збораў, падаходнага падатку з фізічных асоб. Як падкрэсліў начальнік фінансавага ўпраўлення, асноўнымі задачамі ў галіне расходаў бюджэту ў 2010 годзе будуць "захаванне якаснага ўзроўню сацыяльных паслуг, падтрымка рэальнага сектара эканомікі і рэалізацыя праграмы жыллёвага будаўніцтва". Прадугледжана павелічэнне асігнаванняў на сацыяльную сферу ў параўнанні з 2009 годам: на ахову здароўя на 8%, на адукацыю - на 7%. Праект абласнога бюджэту на 2010 год па даходах у суме Br1 912 млрд. і расходах у суме Br1 880 млрд. будзе вынесены на разгляд і зацвярджэнне дэпутатаў аблсавета 18 снежня.-0-