Даходы XIX фестывалю "Славянскі базар" перавысілі выдаткі на Br330 млн.
21 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Даходы мінулага XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" перавысілі выдаткі на Br332,5 млн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі.
На яго думку, станоўчаму фінансаваму выніку шмат у чым спрыяла тое, што на фестываль былі запрошаны артысты, здольныя сабраць вялікую аўдыторыю гледачоў: Дзмітрый Хвастоўскі, Стас Міхайлаў, спевакі-шансанье. Сярэдняя запаўняльнасць Летняга амфітэатра, дзе праходзіла большая частка фестывальных канцэртаў, складала 80%. На атрыманні даходу станоўча адбілася пашырэнне геаграфіі продажаў. Упершыню рэалізацыя білетаў на "Славянскі базар" праходзіла ў райцэнтрах вобласці.
Як адзначыў Мікалай Пашынскі, паспяховы фінансавы вопыт мінулага фестывалю будзе працягнуты і на юбілейным XX "Славянскім базары". Падрыхтоўка да яго ўжо пачалася. Пры складанні фестывальнай афішы арганізатары зноў збіраюцца зрабіць стаўку на артыстаў, якія знаходзяцца на піку сваёй папулярнасці. Да рэалізацыі білетаў, магчыма, будуць прыцягнуты абласныя філармоніі, і такім чынам, у жыхароў іншых рэгіёнаў Беларусі з'явіцца магчымасць дома, не прыязджаючы ў Віцебск, купіць білеты на канцэрты.
Павялічыць даход фестывалю магла б новая канцэртная пляцоўка на рэканструяванай плошчы Перамогі. Канцэрты расійскіх і замежных выканаўцаў на гэтай плошчы збіралі па 15 тыс. гледачоў і прынеслі даход каля Br400 млн. Аднак амаль усе сродкі пайшлі на пакрыццё выдаткаў, звязаных з арэндай перасоўнай сцэны і гукавога абсталявання, якіх у Віцебска пакуль няма, растлумачыў Мікалай Пашынскі.
Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з'яўляецца цэнтральнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі і праходзіць пад патранатам Прэзідэнта. На арганізацыю і правядзенне "Славянскага базару" ў 2010 годзе было выдзелена Br2,5 млрд. з рэзервовага фонду Прэзідэнта і амаль 25 млн. расійскіх рублёў - са сродкаў Саюзнай дзяржавы.-0-