Старажытны Полацк у дзень свайго 1147-годдзя стане "Танцуючым горадам"
13 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Старажытны Полацк у дзень свайго 1147-годдзя ператворыцца ў малады танцуючы горад. Адкрыты конкурс забаўляльнай песні і танца "Танцуючы горад" стартаваў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА арганізатар праекта Святлана Багаслаў.
Да ўдзелу ў конкурсе запрошаны самадзейныя аўтары і танцоры - усе, каму больш за 14 гадоў, хто творыць на радасць сабе і іншым і дастаткова смелы, каб вынесці сваё стварэнне на строгі, але справядлівы суд гледачоў. Музыканты і выканаўцы, па ўмовах конкурсу, прадстаўляюць танцавальныя песні або музыку, а танцоры - аўтарскія пастаноўкі.
Па словах Святланы Багаслаў, арганізатары праекта не баяцца модных моладзевых плыняў і праводзяць конкурс як раз для таго, каб адкрыць новыя імёны. Фіналісты конкурсу прымуць удзел у шоў "Танцуючы горад", якое пройдзе ў ноч з 30 на 31 мая. Тут жа будуць названы пераможцы ў дзвюх намінацыях - "Лепшая песня" і "Лепшы танец".
Ідэя конкурсу належыць поп-музыканту Сяргею Хамякову (Алену). Заснавальнікамі конкурсу сталі аддзел культуры Полацкага гарвыканкама, Полацкі гарадскі палац культуры і мясцовыя мецэнаты.
Святлана Багаслаў дадала, што праект "Танцуючы горад" пакладзе пачатак Полацкаму фестывалю вулічных танцаў. Арганізатары ўжо будуюць планы па яго правядзенні ў наступным годзе.-0-