Дубровенскае прыватнае прадпрыемства плануе павялічыць выпуск манекенаў, запатрабаваных на беларускім і замежным рынку
Правільны падыход, высокія вытворчыя паказчыкі і добрыя ўмовы працы — залог поспеху ТАА «Антынея Прайм».
У Дубровне швейнае прадпрыемства з'явілася ў снежні 2008 года пасля выхаду ў свет прэзідэнцкага ўказа аб развіцці малых гарадоў з колькасцю жыхароў да 50 тысяч чалавек. Адкрыць вытворчасць вырашылі ў адміністрацыйным корпусе былой райсельгасхіміі, які быў набыты на аўкцыёне пры падтрымцы Дубровенскага райвыканкама.
На першых часах у цэху працавалі ўсяго 15 чалавек. З кожным годам прадпрыемства павялічвала магутнасці, набірала абароты. Важную ролю ў развіцці вытворчасці адыгралі сучасны парк абсталявання, наяўнасць рэзерву працоўных рук і ўдалае месцазнаходжанне аб'екта – яго блізкасць да магістральнай трасы Брэст – Масква, па якой ажыццяўляецца адгрузка і дастаўка прадукцыі заказчыку.
– Асноўны профіль ТАА
«Антынея Прайм» – выраб швейнай фурнітуры (бялізнавыя ўкладышы, плечавыя накладкі і падкладкі для ўсіх відаў мужчынскага, жаночага і дзіцячага адзення) і манекенаў (краўцоўскія і выставачныя), – распавядае кіраўнік прадпрыемства Аляксандр Галавачоў. – Для вытворчасці выкарыстоўваецца сыравіна рознага складу і якасці: поролон, сінтэпон, ватны напаўняльнік, нятканае палатно і інш. Прадукцыя рэалізуецца ў Беларусі і за яе межамі.Сёння ў калектыве налічваецца 54 чалавекі. Паралельна ствараюцца новыя працоўныя месцы.
– У нас навучанне праходзіць прама на месцы, – кажа Аляксандр Віктаравіч. – Як правіла, практычна кожны, хто праходзіць трохмесячны выпрабавальны тэрмін на прадпрыемстве, не толькі паспяхова спраўляецца з нармаваным аб'ёмам працы, але і перавыконвае план.
Падчас навучання практыканты атрымліваюць фіксаваную заработную плату, так званыя вучнёўскія, у памеры 1 млн 800 тыс. рублёў. А наогул тут дзейнічае гнуткая сістэма аплаты працы, таму даходы напрамую залежаць ад стараннасці чалавека.
На прадпрыемстве праведзены водаправод, абсталяваны гардэроб, пакой для прыёму ежы і прыбіральні. У цэхах працуюць не толькі гараджане, якія працуюць у дзве змены, але і сельскія жыхары. Для іх працоўны дзень арганізаваны ў адну змену.
– Шмат у чым станоўчы вынік у нашай справе залежыць ад падыходу да людзей, – перакананы Аляксандр Віктаравіч. – Мы гатовыя ісці на саступкі, калі ёсць такая неабходнасць. Таму ад сваіх работнікаў чакаем дысцыпліны і адпаведнага стаўлення да працоўнай дзейнасці.
Нядаўна прадпрыемства набыло на аўкцыёне яшчэ адзін, суседні будынак. Пасля выканання рамонтных работ там размясціўся ўчастак па вырабе манекенаў. У бліжэйшы час плануецца павелічэнне магутнасці вытворчасці, таму праходзіць набор работнікаў па спецыяльнасцях
«швачка» і «раскройшчык матэрыялаў».Дарэчы, акрамя асноўнай дзейнасці, прадпрыемства пастаянна аказвае фінансавую дапамогу дзецям і людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, якія маюць патрэбу. Штогод яно выступае спонсарам Міжнароднага фестывалю песні і музыкі
«Дняпроўскія галасы ў Дуброўне».Вікторыя Чэкушка, "Віцебскія весці"