Духмяныя сосны прэтэндуюць на званне галоўнай навагодняй елкі ў Віцебскай вобласці

3 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Духмяныя прыгажуні-хвоі прэтэндуюць на званне галоўнай навагодняй елкі сёлета ў Віцебскай вобласці. Аб апошняй тэндэнцыі навагодняй моды карэспандэнту БЕЛТА распавёў вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнай сельскай гаспадаркай Віцебскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (АВЛГА) Алег Грыцкевіч. Модная тэндэнцыя ўпрыгожваць свой дом напярэдадні Каляд і навагодніх святаў сасновымі букетамі склалася ў Беларусі ў апошнія гады. "Людзей прыцягвае насычаны хваёвы водар, працягласць другога жыцця гэтай пароды дрэў і, у пэўнай ступені, іх альтэрнатыўнасць традыцыйнай елцы свята", - адзначыў суразмоўца. Жорсткая канкурэнцыя паміж хвоямі і елкамі разгорнецца на ёлачных кірмашах, якія адкрываюцца ў рэгіёне 18 снежня. Барацьба будзе праводзіцца на роўных: на выбар пакупнікам Віцебскае АВЛГА рыхтуе аднолькавую колькасць прадстаўнікоў супернікаў - па 20 тыс. соснаў і елак. Кошт іх таксама вызначаны ў адной цэнавай катэгорыі. Дрэва да 1 м можна будзе набыць за Br10 тыс., 1-2 м - Br15 тыс., 2-3 м - Br20 тыс., 3-4 м - Br35 тыс., 4-5 м - Br60 тыс. Набыць дрэвы можна будзе і ў лясніцтвах. Усяго сёлета ў Віцебскай вобласці разгорнецца 60 ёлачных кірмашоў, у тым ліку 15 - у Віцебску. Лясгасы рэгіёну плануюць рэалізаваць на іх 40 тыс. дрэў, 200 штук елкі і сасновых букетаў (іх кошт складзе ад Br3 тыс. да Br5 тыс.), а таксама 100 штук блакітных елак у кадках, выгадаваных у Глыбокскім доследным лясгасе.-0-