Духоўскі кругляк у Віцебску адзначыў сваё 5-годдзе
Духоўскі кругляк, які ўжо паспеў стаць значным турыстычным аб'ектам паўночнай сталіцы, адзначыў сваё 5-годдзе
Калі падыходзіць да пытання прынцыпова, то святкаваць першы маленькі юбілей гэты філіял Цэнтра культуры «Віцебск» павінен быў бы летам. Бо адкрывалі яго ў ліпені 2007 года. Але, як вядома, лета для горада над Дзвіной – пара гарачая, прычым не толькі з-за тэмпературы паветра. У гэты час праходзіць Міжнародны фестываль мастацтваў, гісторыю якога адлюстроўвае экспазіцыя ў Духоўскім кругляку. Маштабны творчы форум азначае мітусню і мноства турыстаў, што, з аднаго боку, добра, а з другога – не вельмі спрыяе размове па душах у кампаніі старых сяброў. Затое ў атмасферы залатой восені, са слязамі і журбой саступаючай месца зіме, цёплая гутарка прыйшлася як нельга дарэчы.
Вечар «Успаміны пра будучыню. Маленькая нагода да вялікай сустрэчы» 25 кастрычніка сабраў разам тых, хто датычны да ўзнікнення і развіцця Духоўскага кругляка, прадстаўнікоў СМІ і проста жыхароў Віцебска, якім было цікава даведацца падрабязнасці стварэння выставачнай залы, што засталіся «за кадрам». Думаецца, расчараваных не аказалася, бо на гэтым свяце прагучала мноства шчырых слоў і займальных гісторый. Успаміналі, як у будынку Літаратурнага музея за некалькі дзён афармлялася першая экспазіцыя, прысвечаная «Славянскаму базару ў Віцебску». Шэраг фотаздымкаў і плакатаў тады размясцілі ля ўваходу ў залу. Ведаючы, што часу на падрыхтоўку было ўсяго нічога, наведвальнікі, якія прыйшлі на цырымонію адкрыцця, вырашылі, што гэта і ёсць усе экспанаты. І надзвычай здзівіліся, калі пачулі, як генеральны дырэктар ЦК «Віцебск» Радзівон Бас запрашае іх прайсці на выставу.
Новы этап развіцця экспазіцыі быў звязаны ўжо непасрэдна з Духоўскім кругликом. Складанасцей хапала, па ходзе яго ўзвядзення даводзілася мяняць праект, паколькі першапачаткова ў будынку не прадугледжвалася ні ацяпленне, ні элементарныя выгоды. У выніку аб'ект, які планавалася здаць 1 чэрвеня, будаўнікі пакінулі толькі 30-га. Помешкані ў выніку ўнесеных змен адрозніваліся ад запланаваных, таму першапачатковыя ідэі ўвасобіць у іх не атрымлівалася. А выставачны зал уваходзіў у праграму наведвання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і адбыцца гэты візіт павінен быў 6 ліпеня. Здавалася б, задача пастаўлена нерэальная. І спачатку, як прызнаўся мастак-дызайнер Аляксандр Вышка, ён палічыў яе невыканальнай. Але затым сеў, пяць хвілін падумаў… і зразумеў, як можна ў рэкордна кароткія тэрміны падрыхтаваць усе паверхі Духоўскага круглика да прыёму наведвальнікаў. Да гэтай смелай заявы паставіліся з пэўнай доляй скепсісу. Аднак дружная каманда пад кіраўніцтвам першага намесніка генеральнага дырэктара ЦК «Віцебск» Вольгі Сальнікавай паспяхова ўвасобіла ідэю ў жыццё, прыступіўшы да работ 22 чэрвеня.
За пяць гадоў Духоўскі кругляк паспеў заняць трывалае месца ў турыстычных маршрутах, у яго зале прайшло мноства цікавых творчых сустрэч, дзе пабывалі сотні жыхароў і гасцей абласнога цэнтра, якіх цікавіць мінулае і хвалюе будучыня паўночнай сталіцы. Паспрабавалі праводзіць тут і канцэрты, магчыма, гэта пачынанне будзе развівацца і далей. Акрамя таго, будынак набыў славу своеасаблівага віцебскага кур'ёзу. Госці горада часта пытаюцца: «А чаму – Духоўскі кругляк? Пабудова ж прастакутная!» І даводзіцца тлумачыць, што назва характарызуе асаблівасць архітэктурнага будавання вежы Ніжняга замка, якую ўзвялі на гэтым месцы ў XIV стагоддзі. Яна была васьмікутная ў плане і размяшчалася насупраць Свята-Духаўскай (Духоўскай) царквы, пабудаванай князем Альгердам.
Фундамент старажытнага збудавання быў знойдзены падчас археалагічных раскопак 1984 года. Так што імя ў Духоўскага кругляка старое, а аблічча – стылізаванае, сучаснае. Прыходзячы сюды на экскурсію, наведвальнікі таксама акунаюцца ў падзеі, якія аддзяляюць некалькі стагоддзяў. Гэта цалкам адпавядае духу самога Віцебска, горада дастаткова старога, і ў той жа час дынамічнага і маладога.
Лілія ІЎЧАНКА.
Фота Дзмітрыя ВОСІПАВА.