Два чалавекі загінулі пры выбуху газавага балона ў Шумілінскім раёне
8 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Два чалавекі загінулі ў Шумілінскім раёне пад заваламі жылога дома, які абрынуўся ў выніку выбуху газавага балона. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Трагедыя здарылася ў вёсцы Лескавічы. У доме 52-гадовай мясцовай жыхаркі ўзнік пажар, а калі да месца здарэння прыбылі ратавальнікі, выбухнуў газавы балон. У выніку жылое збудаванне цалкам абрынулася. Пры разборы завалаў былі знойдзены целы мужчыны, сына гаспадыні дома, і жанчыны, якая пражывала па суседстве.
Адной з прычын трагедыі разглядаецца парушэнне правіл эксплуатацыі газавага абсталявання. У гэты дзень у доме быў заменены газавы балон, прычым падлучыў яго да пліты не спецыяліст, а сын гаспадыні дома. Пасля распіцця разам з суседзямі спіртнога гаспадыня вырашыла зварыць бульбу, папярэдне праверыўшы балон на наяўнасць уцечкі газу з дапамогай адкрытага агню. Гэта прывяло да ўзгарання пар газу ў паветры, затым агонь перакінуўся на вокны і сцены.
Абласное ўпраўленне МНС нагадвае аб неабходнасці строгага захавання правіл эксплуатацыі газавага абсталявання, устаноўкай якога павінны займацца выключна спецыялісты адпаведных службаў. Наяўнасць магчымых уцечак газу катэгарычна забараняецца правяраць з дапамогай адкрытага агню.-0-