Два чалавекі пацярпелі пры абрушэнні даху фермы ў Гарадоцкім раёне

7 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Два чалавекі атрымалі траўмы пры абрушэнні даху жывёлагадоўчай фермы ў Гарадоцкім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Здарэнне адбылося на мінулых выхадных у СПК "Палоўскі" ў вёсцы Палова. Пацярпелых мужчыну і жанчыну - кіроўцу і брыгадзіра - з-пад абрушаных канструкцый выцягнулі самі работнікі сельгаспрадпрыемства. З ударамі і пераломамі рэбраў яны шпіталізаваны ў Гарадоцкую цэнтральную раённую бальніцу. Як устаноўлена ў ходзе праверкі, абрушэнне адбылося пры разгрузцы камбікармоў на ферме. Кіроўца не разлічыў габарытыт аўтамабіля пры ўездзе ў тамбур і зачапіў апорную бэльку столевага перакрыцця сельгасбудынка. На момант абрушэння на ферме знаходзілася 120 кароў. Жывёлы не пацярпелі і пераведзены ў размешчаную побач ферму. На месцы здарэння працавалі больш за 20 работнікаў МНС і сельгаспрадпрыемства, для разборкі абрушаных канструкцый і ўмацавання столевага перакрыцця было задзейнічана пяць адзінак тэхнікі.-0-