Два чалавекі патанулі на вадаёмах Віцебскай вобласці на мінулым тыдні
28 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Два чалавекі патанулі на рэках у Віцебскай вобласці за мінулы тыдзень, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы спецыяліст абласной арганізацыі АСВОД Вячаслаў Вараноў.
У абодвух выпадках трагедыі здарыліся на невялікіх рэчках, а самі загінулыя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Так, у вёсцы Кіслякі Міёрскага раёна 36-гадовы трактарыст мясцовага сельгаспрадпрыемства пераходзіў рэчку Волта па самаробнай кладцы і ў выніку падзення ў ваду патануў. У Дубровне работнік раённага прадпрыемства бытавога абслугоўвання не вярнуўся дадому пасля працы, а на наступны дзень яго цела было знойдзена ў рэчцы Задубровенка, якая працякае ў межах горада. Як устаноўлена, 49-гадовы мужчына патануў пры пераходзе рэчкі.
Па аператыўных даных, з пачатку года ў вобласці патанулі чатыры чалавекі, у тым ліку адна пажылая жанчына - пры падзенні ў калодзеж.
Спецыялісты АСВОД нагадваюць аб небяспеках вясновага лёду і неабходнасці выканання правіл паводзін на вадзе, якімі забараняецца выхад на лёд у перыяд яго інтэнсіўнага раставання. Падчас вясновых школьных канікул бацькам варта звяртаць павышаную ўвагу на дзяцей, выключыўшы магчымасць іх выхаду на лёд, а таксама забараніўшы гульні і баўленне часу ў раёне вадаёмаў, якія яшчэ не вызваліліся ад лядовага покрыва. -0-