Два дзясяткі новых тралейбусаў з'явяцца ў Віцебску напярэдадні фестывалю "Славянскі базар"
24 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Два дзясяткі новых бела-блакітных тралейбусаў выедуць на гарадскія маршруты Віцебска напярэдадні фестывалю "Славянскі базар". Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік унітарнага транспартнага прадпрыемства "Віцебскае трамвайна-тралейбуснае кіраванне" Васіль Паўлючкоў.
Электратранспарт вытворчасці ААТ "БелКамунМаш" паступіць па дагаворы лізінгу. Першыя два тралейбусы ўжо выйшлі на лініі і працуюць у гадзіны пік. Іх адметнай асаблівасцю з'яўляюцца сучасны дызайн, павышаная камфортнасць і электрабяспека, нізкае энергаспажыванне ў параўнанні з папярэднімі мадэлямі. Як чакаецца, да пачатку ліпеня тралейбусны парк атрымае астатнія 18 машын.
Па словах Васіля Паўлючкова, новая тэхніка прыйдзе на змену старым зношаным тралейбусам. Абнаўленне парка - неад'емная частка работы па павышэнні якасці і культуры абслугоўвання пасажыраў, падкрэсліў ён. Пакуль у абласным цэнтры не плануецца павялічваць колькасць маршрутаў або колькасць машын на лініях: па-ранейшаму на вуліцы горада штодня будуць выязджаць 74 тралейбусы.-0-