Два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу адкрыюцца ў лістападзе ў Лепельскім раёне

14 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Два дамы сямейнага тыпу для дзяцей-сірот адкрыюцца ў лістападзе ў Лепельскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Будаўніцтва аб'ектаў, разлічаных на ўтрыманне да 10 дзяцей, ажыццяўляецца ў рамках прэзідэнцкай праграмы "Дзеці Беларусі" - яе падпраграмы "Дзеці-сіроты". На іх узвядзенне накіравана звыш Br750 млн. з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Усяго з 2006 года ў Віцебскай вобласці пабудавана 12 дамоў для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот, - у Верхнядзвінскім, Мёрскім, Глыбоцкім, Аршанскім, Лепельскім раёнах і Оршы сям'ю знайшлі 88 малышоў. У наступным пяцігоддзі ўзвядзенне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу будзе працягнута ў рамках новай праграмы "Дзеці Беларусі". Па адным такім аб'екце плануецца пабудаваць у Шумілінскім, Чашніцкім, Браслаўскім, Ушацкім, Талачынскім, Бешанковіцкім, Шаркаўшчынскім, Расонскім, Пастаўскім і Гарадоцкім раёнах. Акцяўная работа па ўладкаванні дзяцей у замяшчальныя сем'і дазваляе праводзіць у вобласці планамерную аптымізацыю сеткі інтэрнатных устаноў, адзначылі спецыялісты. Так, у бягучым годзе з улікам закрытых Дубровенскага і Езярышчанскага дзіцячых дамоў іх колькасць скарацілася да 14 аб'ектаў. Усяго, паводле даных за паўгоддзе, у Віцебскай вобласці звыш 2,5 тыс. дзяцей-сірот (больш за 50%) выхоўваюцца ў замяшчальных сем'ях, з іх 1426 - у апекунскіх і 1097 - у прыёмных. Усыноўлены за гэты перыяд 48 малышоў. На 1 верасня ў 14 інтэрнатных установах вобласці застаюцца больш за 900 дзяцей.-0-