Два інфармацыйныя цэнтры па ўстойлівым развіцці і экотурызму адкрыюцца ў чэрвені ў Віцебскай вобласці
3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Два інфармацыйныя цэнтры па ўстойлівым развіцці і экатурызме адкрыюцца ў чэрвені ў Віцебскай вобласці - у Наваполацку і в. Забор'е (Расонскі р-н). Яны створаны ў рамках рэалізацыі сумеснaга праекта Еўрапейскага саюза і ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА каардынатар праекта па сувязях з грамадскасцю Вячаслаў Смірнов.
У урачыстай цырымоніі адкрыцця цэнтраў прымуць удзел пасол ААН у Беларусі Антоніус Брук, пасол Еўрасаюза ў Беларусі Жан Эрык Хольцапфель, прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У Наваполацку цэнтр адкрыецца 11 чэрвеня. У гэты дзень будзе арганізавана прэзентацыя падтрыманых Еўрасаюзам і ПРААН ініцыятыў у сферы ўстойлівага развіцця, адбудуцца экскурсія ў традыцыйную беларускую хату і тэатралізаваны паказ народных абрадаў. Запланавана прадстаўленне работ рамеснікаў Наваполацка і паказ дзіцячай моды - "экалагічныя калекцыі", а таксама выступ дзіцячага экалагічнага тэатра "Мурашнік".
Цэнтр па ўстойлівым развіцці і экатурызме ў в.Забор'е адкрыецца 12 чэрвеня. Гэта падзея супадае з правядзеннем фестывалю сельскага турызму "Заборскі фэст". У праграме фэсту - кірмаш акцёраў-рамеснікаў, атракцыёны, сувенірныя кіёскі, катанне на конях, выступленні гаспадароў агратурыстычных сядзіб і канцэртныя нумары гасцей фестывалю. Запланаваны кулінарны конкурс сярод уладальнікаў аграсядзіб і гала-канцэрт для гасцей фестывалю.-0-