Два пераходныя сцягі і больш за палову ўзнагарод заваявалі ўдзельнікі працоўнага семестра Віцебскай вобласці
Пра тое, як арганізавана студатрадаўскі рух Віцебскай вобласці, кожны год самі за сябе кажуць вынікі, з якімі хлопцы вяртаюцца з Усебеларускага злёту студэнцкіх атрадаў. У гэты раз ён называўся «Маладосць. Праца. Рамантыка» і аб'яднаў больш за 400 удзельнікаў форуму.
Самая хвалюючая частка — цырымонія ўзнагароджання, якая прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы. І зрушыць з п'едэстала нашых хлопцаў практычна не мела магчымасці. Пераходны сцяг лепшага студэнцкага атрада ўручылі будатраду «Эўрыка» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён стаў лепшым у краіне сярод тых, хто працаваў на аб'ектах Усебеларускай маладзёвай будоўлі. Студэнты ВНУ Іван Саўчанка і Аляксей Кароткі прызнаны лепшымі камандзірам і камісарам.
Будатрад «Зодчие» таго ж ВНУ таксама стаў лепшым, найвышэйшай узнагародай адзначаны і іх камандзір Мікіта Зубовіч.
Лепшымі ў рэспубліцы па выніках працоўнага семестра назвалі камандзіра будатрада «Ермак» Аляксандра Лаўцэвіча (абласны штаб студатрадаў БРСМ), камісараў будатрада імя Героя Савецкага Саюза, партызана Лені Галікова Яўгена Сачкі (тэрытарыяльны штаб студатрадаў Чыгуначнай раённай арганізацыі БРСМ Віцебска), вытворчага атрада «Маладзёжны» Данііла Куцуху (тэрытарыяльны штаб студатрадаў Пастаўскай раённай арганізацыі БРСМ), экалагічнага атрада «Аграрачка» Вікторыю Васілёнак (тэрытарыяльны штаб студатрадаў Полацкай раённай арганізацыі БРСМ), медыцынскага атрада «Медык» Алёну Петухову (той жа штаб).
Пераходны сцяг лепшай прымаючай арганізацыі перадалі сельскагаспадарчаму філіялу «Цеплічны» РУП «Віцебскэнерга». Кожны год прадпрыемства працаўладкоўвае больш за пяцьсот хлопцаў і дзяўчат.
Лепшымі ў краіне сталі абласны, Віцебскі гарадскі, Полацкі раённы і штаб працоўных спраў пярвічкі БРСМ Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа.
Таксама ганаровай узнагародай — «Ганаровы знак беларускіх студэнцкіх атрадаў» — адзначаны камандзір абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Вікторыя Кужалева, дырэктар філіяла "Цеплічны" РУП "Віцебскэнерга" Мікалай Фамінаў і васьміразовы камандзір занальных штабаў студэнцкіх атрадаў Барыс Рыклін.
— Гэты працоўны семестр — асаблівы для нас, — адзначыла Вікторыя Кужалева. — Столькі ўзнагарод — гэта вынік сумеснай праведзенай працы. І стымул рухацца далей. — У гэты раз у вобласці ў складзе будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, экалагічных, сэрвісных студэнцкіх атрадаў працавала каля 5200 чалавек. — Моладзь прымала ўдзел у працы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, у узвядзенні сацыяльна значных аб'ектаў вобласці, была задзейнічана ў добраўпарадкаванні рэгіёнаў, працавала ў аздараўленчых лагерах. Упершыню за апошнія 10 гадоў нашы студатрадаўцы адправіліся працаваць у Рэспубліку Малдова ў складзе сельскагаспадарчага атрада. У Расійскай Федэрацыі байцы працавалі ў складзе педагагічных, сэрвісных і будаўнічых атрадаў. Мы ўжо намяцілі мэты на наступны працоўны семестр. Адзін з галоўных — трымаць годны ўзровень, які ёсць у нас зараз, і імкнуцца да новых вышынь.