Два пілотных аграгарадкі павінны з'явіцца ў Пскоўскай вобласці ў 2009 годзе

15 мая, Віцебскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Два пілотныя аграгарадкі па беларускім вопыце павінны з'явіцца ў Пскоўскай вобласці ў гэтым годзе. Аб такой мэце паведаміў губернатар Пскоўскай вобласці Андрэй Турчак пасля наведвання аграгарадка Ноўка ў Віцебскім раёне і знаёмства з працай сельскагаспадарчага акцыянернага таварыства "Рудакова", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Рэалізуемая ў Беларусі праграма адраджэння і развіцця сяла заслугоўвае пільнай увагі. Пскоўская вобласць мае намер пераняць вопыт стварэння аграгарадкоў", - сказаў Андрэй Турчак. На яго думку, канцэнтрацыя вытворчай і сацыяльнай сферы ў адным месцы не толькі эканамічна апраўдана, але і спрыяе вырашэнню дэмаграфічнай праблемы. Для рэалізацыі пілотных праектаў кіраўніцтва Пскоўскай вобласці мае намер прыцягнуць спецыялістаў з Віцебскага рэгіёна. У першую чаргу пскавічоў цікавіць тэхналогія стварэння аграгарадкоў. Акрамя вопыту развіцця сельгасвытворчасці дэлегацыю суседняга расійскага рэгіёна зацікавіла і праца камунальных службаў. Віцебская і Пскоўская вобласці знаходзяцца на стадыі падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве. Першым крокам на шляху развіцця эканамічных кантактаў ва ўмовах сусветнага крызісу, на думку пскоўскага губернатара, стане стварэнне гандлёвых дамоў. Тавараабмен праз гандлёвыя дамы дазволіць выключыць пасрэднікаў і пабудаваць адносіны напрамую, падкрэсліў ён. "Кантакты з Рэспублікай Беларусь і Віцебскай вобласцю з'яўляюцца асноватворнымі для кіраўніцтва Пскоўскай вобласці. Мы асуджаны на поспех", - заявіў Андрэй Турчак. Дэлегацыя Пскоўскай вобласці знаходзіцца з аднадзённым візітам у Віцебскай вобласці.-0-