Два прадстаўнікі Віцебскай вобласці ўвайшлі ў лік пераможцаў конкурсу «Чалавек года ў сферы культуры-2018».

Два прадстаўнікі Віцебскай вобласці – кіраўнік наваполацкага народнага тэатра лялек "КапялюШ" Андрэй Рэцікаў і майстар па ганчарстве, загадчык Дома ганчара філіяла Шаркаўшчынскага раённага цэнтра культуры Сяргей Рымдзёнак – увайшлі ў лік пераможцаў конкурсу «Чалавек года ў сферы культуры» па выніках 2018 года.

Цырымонія ўшанавання праходзіла на гэтым тыдні ў Мінску пасля калегіі Міністэрства культуры. Андрэй Рэцікаў прызнаны лепшым у намінацыі «Народная творчасць», а Сяргей Рымдзёнак у раздзеле «Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва».

Андрэй стварыў свой тэатр у Наваполацку больш за 20 гадоў таму. «КапялюШ» развіваецца па двух напрамках: як батлейка і як тэатр лялек. Дарэчы, лялек для аднаго і другога вырабляе сам Андрэй Рэцікаў. Ён жа майструе батлейкі. Адну з іх стварыў па ўзоры жлоба – тэатра ценяў, папулярнага ў Віцебскай губерні ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў.

У свой час гэты від батлейкі быў знойдзены ў Суражы, захоўваўся ў краязнаўчым музеі, але згарэў падчас Вялікай Айчыннай. Засталіся толькі апісанне і малюнкі, па якіх Андрэй аднаўляў канструкцыю ў выглядзе трохкупальнага храма. Сцэна зацягнута прамасленай паперай. Унутры купала размяшчаюцца металічныя кольцы з фігурамі герояў. Батлеечнік запальвае свечку і пачынае прадстаўленне.

Свой жлоб майстар-лялечнік прадстаўляў на абласной выставе батлеечных тэатраў, а таксама на міжнародным фестывалі «Нябёсы» ў Мінску.

Добра вядомая не толькі на Віцебшчыне, але і далёка за яе межамі кераміка Сяргея Рымдзёнка, які адраджае старажытнае ганчарнае рамяство. Яго вырабы разышліся па ўсім свеце. Ёсць яны ў Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і нават за акіянам – у ЗША. Майстар асвоіў асаблівую тэхналогію – так званае малачэнне. Гліняны збан абпальваецца пры высокай тэмпературы, затым акунаецца ў малако і зноў адпраўляецца ў печ. Выраб набывае цёмнае пакрыццё, якое не прапускае ваду.

Сяргей Рымдзёнак – лаўрэат Усебеларускага фестывалю мастацтваў «Беларусь – мая песня», пастаянны ўдзельнік «Славянскага базару ў Віцебску». Яго запрашаюць на розныя кірмашы і фестывалі.

"Віцебскія весці".