Дваццаць прыгранічных мястэчкаў Віцебскай вобласці будуць добраўпарадкаваны ў 2010 годзе
27 лістапада, Докшыцкі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Улады Віцебскай вобласці маюць намер у 2010 годзе надаць пільную ўвагу добраўпарадкаванню малых гарадоў і пасёлкаў уздоўж мяжы Віцебскай вобласці. Аб гэтым сёння падчас наведвання горада Бегамля паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У гэты спіс увойдуць 20 населеных пунктаў, размешчаных уздоўж дзяржмяжы Беларусі і адміністрацыйнай мяжы вобласці, у тым ліку Відзы, Камаі, Браслаў, Езярышча.
У якасці эталоннага аб'екта выступіць горад Бегамль, дзе сёлета пачалося маштабнае добраўпарадкаванне. Адначасова з рэканструкцыяй аб'ектаў сацыяльнай сферы вядзецца будаўніцтва новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, у тым ліку завяршаецца будаўніцтва завода па вытворчасці камплектуючых для ліфтоў, вядзецца рэканструкцыя аўтавакзала, ствараюцца працоўныя месцы, развіваецца прыдарожны сэрвіс. На прывядзенне ў парадак Бегамля накіравана Br18 млрд., яшчэ Br5 млрд. трэба будзе ўкласці для завяршэння работ.
Ва ўсёй красе Бегамль паўстане да мая 2010 года. "Гэта будзе сапраўдны падарунак ветэранам і жыхарам гэтага гераічнага горада да 65-годдзя Перамогі", - сказаў Аляксандр Косінец.
Добраўпарадкаванне гарадоў павінна весціся пры наяўнасці бізнес-плана. "Усе затраты павінны быць апраўданы і прыносіць прыбытак, для гэтага неабходна развіваць сферу паслуг, гандаль, ствараць новыя прадпрыемствы", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.-0-