Дзьве карціны Марка Шагала месяц будуць экспанавацца ў Віцебску
Адным з першых важных выставачныx праектаў на 25-м "Славянскім базары ў Віцебску" стала прэзентацыя дзвюх карцін Марка Шагала, прывезеных з Пскова. Адкрыццё выставы адбылося ўчора ў Віцебскім мастацкім музеі.
Гэтай падзеі віцебскія музейшчыкі дамагаліся з 2009 года - столькі ішлі перамовы з Пскоўскім дзяржаўным аб'яднаным гісторыка-архітэктурным і мастацкім музеем-запаведнікам. У выніку ў гараджан і гасцей фестывальнай сталіцы да 14 жніўня ёсць унікальная магчымасць убачыць дзве раннія працы з так званага віцебскага цыклу - мастацтвазнаўцы ён цэніць больш за ўсё, а карціны гэтага перыяду - самыя дарагія. Гэта датычыцца і графічнага твора "Чорныя палюбоўнікі", датаванага 1914-1915 гадамі, і знакамітай жывапіснай працы (у незвычайнай тэхніцы - алеем па паперы на кардоне) "Купанне дзіцяці", напісанай у 1916 годзе. Абедзве ўпершыню апынуліся ў Беларусі.
Працы, па
словах дырэктара музея Вольгі Акуневіч, прасякнуты любоўю, што асабліва
характэрна для маладога Марка Шагала. Захавальнік фондаў пскоўскага музея Марыя
Працэнка дадала, што менавіта гэта адчуванне робіць карціну "Купанне
дзіцяці" такой каштоўнай і любімай у свеце. "Шагал выявіў бытавую
сцэну, як ён і Бела купаюць сваю дачку Іду. Пакой, наваколле выяўлены ў
халодных танах, нібы свет вакол скаланаецца. Але цяпло і любоў людзей у цэнтры
утрымліваюць раўнавагу", - растлумачыла Марыя Працэнка. Яна падкрэсліла, што
карціна так часта падарожнічае па свеце, што нават у Пскове яе бачаць нячаста. У
той жа час твор "Чорныя палюбоўнікі", як і любая графічная праца, па паўгода
"адпачывае" ў фондах перад новым этапам
экспанавання, каб не страціць сваёй прыгажосці. Так што захаваны чорнай
тушшу пацалунак мастака і яго музы быў доўга схаваны ад людскіх вачэй, каб
трапіць у Віцебск, дзе ён і быў народжаны.
Апраўленнем для дзвюх карцін у выставачнай зале сталі фатаграфіі сям'і мастака,
апублікаваныя ў выданні "Марк Шагал. "Прывітанне, Радзіма!". У гэты ж дзень у мастацкім музеі адкрыліся яшчэ дзве выстаўкі – твораў Юдэля Пэна і Івана Хруцкага. Прычым для другой Нацыянальны мастацкі музей прапанаваў 13 работ са сваіх фондаў, якія ў 2010 годзе экспанаваліся ў Луўры, дапоўнілі яе тры творы з віцебскага збору.Кацярына Князева - БелТА.