Дзве партыі цыгарэт амаль на Br1 млрд. канфіскаваныя на беларуска-латвійскай мяжы
15 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская мытня спыніла незаконны вываз дзвюх партый цыгарэт папярэднім коштам каля Br932,5 млн. на беларуска-латвійскай мяжы ў Браслаўскім раёне. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў мытні.
Падчас правядзення спецыяльных мерапрыемстваў на пункце пропуску "Урбаны" супрацоўнікі мытні спынілі для праверкі грузавы аўтамабіль "Вольва", які рухаўся з Расіі ў Латвію пад кіраваннем грамадзяніна Беларусі. У грузавым адсеку паўпрычэпа грузавіка былі выяўлены цыгарэты расійскай вытворчасці, схаваныя ад мытнага афармлення. Усяго канфіскавана больш за 410 тыс. пачкаў тытунёвых вырабаў.
Другая партыя нелегальных цыгарэт перавозілася ў грузавым аўтамабілі "Вольва", які належыць польскаму перавозчыку. Машына пад кіраваннем грамадзяніна Польшчы рухалася з Расіі ў Латвію без грузу, аднак у падлозе паўпрычэпа мытнікі выявілі спецыяльна абсталяваны тайнік, дзе былі схаваныя амаль 500 пачкаў цыгарэт расійскай вытворчасці. У гэтым выпадку акрамя цыгарэт быў канфіскаваны і аўтамабіль коштам каля Br450 млн. як прадмет здзяйснення адміністрацыйнага мытнага правапарушэння.
Віцебскай мытняй распачаты адміністрацыйны працэс, па завяршэнні якога матэрыялы будуць перададзены ў суд для прыняцця рашэння аб канфіскацыі тавараў і аўтамабіля, а таксама прыцягнення вінаватых асоб да адказнасці.-0-