Дзве прыёмныя сям'і абжываюць новыя дамы сямейнага тыпу ў Лепелі

16 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Лепелі два дамы сямейнага тыпу для дзяцей-сірот абзавеліся дамачадцамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле адукацыі Лепельскага райвыканкама. У цяперашні час у адным з іх ужо абжываецца прыёмная сям'я Наталлі і Уладзіміра Міхайлавых з пяццю дзецьмі, а ў суседнім наладжвае побыт Людміла Шнітко, якая выхоўвае трох дачок і чатырох сыноў, у тым ліку роднага. Дапамогу ў стварэнні камфорту і вырашэнні праблем на новым месцы бацькам аказваюць мясцовыя ўлады. Урачыстае адкрыццё і наваселле сямейства плануюць адсвяткаваць у красавіку. Прасторныя жыллё пабудаваны па прэзідэнцкай праграме "Дзеці Беларусі" падпраграме "Дзеці-сіроты". На іх узвядзенне накіравана Br760 млн. з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. У гэтым годзе аналагічныя аб'екты плануецца пабудаваць у Чашніцкім і Шумілінскім раёнах. Акрамя таго, шчаслівымі навасёламі ўжо ў бліжэйшы час стануць члены яшчэ адной шматдзетнай прыёмнай сям'і з Гарадка, дзе завяршаецца будаўніцтва дзіцячага дома сямейнага тыпу за кошт сродкаў Беларусбанка, адзначылі ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Усяго з 2006 года ў Віцебскай вобласці пабудавана 15 дамоў для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот, - у Віцебскім, Верхнядзвінскім, Мёрскім, Глыбоцкім, Докшыцкім, Аршанскім, Лепельскім раёнах і Оршы. Сваю сям'ю ў іх знайшлі 87 дзяцей. У бягучай пяцігодцы ўзвядзенне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу будзе працягнута. У Віцебскай вобласці, згодна з данымі на 1 студзеня 2011 года, у замяшчальных сем'ях выхоўваецца звыш 2,5 тыс. дзяцей-сірот (58,2%). Пры гэтым на выхаванне ў сям'ю ідзе 64% малышоў са зноў выяўленых дзяцей-сірот. Усыноўлены за мінулы год 91 дзіця.-0-