Дзьве траціны сябраў Віцебскай аблвыбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта складаюць вылучэнцы партый і грамадскіх аб'яднанняў
29 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзве траціны членаў Віцебскай абласной тэрытарыяльнай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь складаюць вылучэнцы ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Абласная тэрытарыяльная камісія сфарміравана сёння ў Віцебску на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта. На пасяджэнні таксама прысутнічалі прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На членства ў камісіі прэтэндавалі 29 грамадзян, з іх 6 прадстаўлялі палітычныя партыі, 9 - грамадскія аб'яднанні, 15 чалавек былі вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў (адзін прэтэндэнт вылучаўся двума спосабамі - ад партыі і грамадзянамі). Для большага прадстаўніцтва члены прэзідыума і аблвыканкама прынялі рашэнне сфарміраваць камісію ў максімальным складзе 13 чалавек. У склад абласной тэрытарыяльнай камісіі ўвайшлі 4 (31%) прадстаўнікі ад палітычных партый: КПБ, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, ліберальна-дэмакратычнай партыі; 5 (38%) членаў грамадскіх аб'яднанняў; 4 прадстаўнікі грамадзян. Адзін член камісіі з'яўляецца дзяржслужачым, што не супярэчыць заканадаўству.
Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Іосіф Бакевіч, у склад камісіі ўвайшлі кампетэнтныя, з адказнаяй грамадзянскай пазіцыяй людзі. Чатыры члены камісіі раней працавалі ў складзе выбаркамаў, такім чынам, захавана і пераемнасць.
У Віцебскай вобласці сёння будуць утвораны 28 камісій тэрытарыяльнага ўзроўню. У іх склад вылучана 498 чалавек. Пры стварэнні камісій у максімальным складзе (13 чалавек) конкурс складзе 1,4 прэтэндэнта на месца. Вылучэнцы палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў складаюць 48%, 37% прэтэндэнтаў вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў, 15% - працоўнымі калектывамі. У 28 камісій 7 партый дэлегавалі 35 сваіх членаў, з якіх 16 - члены КПБ.
Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны на 19 снежня 2010 года. Такое рашэнне прынята 14 верасня на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.-0-