Двое жыхароў Віцебска сабатавалі працу афіцыйнага сайта РУП "Белтэлекам"
16 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Двое віцябчан сабатавалі працу афіцыйнага сайта РУП "Белтэлекам". Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Уладзімір Шалухін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Двое жыхароў абласнога цэнтра, атрымаўшы несанкцыянаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу, змянілі паролі і коды доступу шэрагу карыстальнікаў сайта, а затым некаторы час кіравалі іх асабістымі рахункамі.
У дачыненні да гэтых асоб упраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.351 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("Камп'ютарны сабатаж, звязаны з несанкцыянаваным доступам да камп'ютарнай сістэмы або сеткі альбо які пацягнуў цяжкія наступствы"), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў. Вядзецца следства.
Усяго з пачатку года ў вобласці ўзбуджана 6 крымінальных спраў у сферы высокіх тэхналогій. Яны звязаны з камп'ютарным сабатажам, несанкцыянаваным доступам да камп'ютарнай інфармацыі, распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў, дадаў Уладзімір Шалухін.-0-